Мотавандроўкі: дзе ён, беларускі Смалівуд
Вандраваць можна пешшу, на машыне ці аўтаспынам, збіраць у скарбонку ўспамінаў эмоцыі ад далёкіх паездак ці мясцовых турыстычных паходаў.
А месцаў, пра якія мы не ведаем і нават не чулі, у Беларусі шмат.
Вандруйце разам з намі ў новым праекце «Мотавандроўкі» – і самастойна. А сваімі знаходкамі і эмоцыямі дзяліцеся ў сацыяльных сетках у групах «раёнкі».
Ну што ж, апусцілі забрала моташлема – і наперад!
Нішто так не запамінаецца, як убачанае на свае вочы. Нішто так не ўражвае, як пачутае з першых вуснаў. Нішто так не кранае душу, як магчымасць пабываць у гэтым месцы ў канкрэтны час – нават калі момант аказваецца пастановачным…
Гэта абмяркоўвала наша мотакампанія, накіроўваючы сваіх жалезных коней у бок натурнай, створанай на ўлонні прыроды, пляцоўкі кінастудыі «Беларусьфільм».

Сярод лясоў Смалявічскай зямлі…
Пляцоўка пад Смалявічамі, якую ў народзе празвалі на замежны лад «Смалівудам» і дзе ўжо знята больш за 400 фільмаў, знаходзіцца ў лясным масіве на беразе возера каля вузенькай рачулкі, што разбівае тэрыторыю на дзве часткі – левую і правую, у 40 кіламетрах ад Мінска каля вёскі Каменкі. І займае каля 80 гектараў, абысці якія амаль немагчыма…
Тут здымаюць фільмы, кліпы і рэкламныя ролікі, праводзяць спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, гуляюць у лазертаг і пейнтбол. Для турыстаў, аднак, экскурсіі не прадугледжаны, а калі здымаецца фільм, нават забаронены – аб гэтым папярэджвае на ўездзе адпаведны знак, а кантралюе выкананне патрабавання прапускны пункт і шлагбаум.
Мы ўсё ж рызыкнулі прабрацца ўглыб, каб хоць вокам глянуць, дзе на беларускай зямлі нараджаецца кінематаграфія. І якім жа было здзіўленне, калі вартаўнік нас не проста прапусціў, а яшчэ і падказаў патрэбную сцежку, ды і на пляцоўцы сустрэлася дзясяткі з тры такіх жа, як мы, «падгледачоў»…
У свеце дэкарацый
Пачуццё нерэальнасці адчуваеш, калі, нібы выкінуты са звыклай сучаснасці, аказваешся па-за часам, праходзячы тэматычныя лакацыі: «залатыя прыіскі» і вузкакалейную чыгунку, вёску з напаўзгнілымі студнямі, апусцелы двор заможнага селяніна, драўляную цэркаўку з рыпучымі сходнямі, вялікія арэлі часоў майго дзяцінства і нават згарэлую краму, дзе некалі прадавалі соль, булкі і хлеб…
Ты, канешне, разумееш, што ўсё тут несапраўднае, пастановачнае, і «ажывае» яно, калі таго патрабуе рэжысёр. Але ўсё гэта настолькі рэальнае: высокі драўляны плот, на якім лёгкі ветрык матляе выцвілыя на сонцы афішы на нямецкай, польскай, рускай мовах і малюнкі-шаржы; агарак свечкі на падрапаным стале каля акна – калі трэба, запалі агеньчык; сухія да трэску зёлкі пад нізкай столлю – яны яшчэ пахнуць лёгкай горыччу і хатнім пылам…
Вось ён, бязмежны ў сваіх магчымасцях чароўны свет кіно, які не проста пераносіць цябе ў іншы час, а вучыць быць больш уважлівым да дробязяў; не проста бачыць карцінку, але і разумець задумку кінематаграфістаў.
Калі памяць перамагла…
Найбольш моцны эмацыянальны штуршок таго дня – лакацыі ваенных часоў. Напэўна, да нас на генетычным узроўні перайшоў боль Вялікай Айчыннай, мы не проста ўспамінаем расповеды дзядоў і прадзедаў – адчуваем сэрцам іх жаданне перамагчы нягледзячы ні на што...
…Пакрытыя мохам зямлянкі між высокіх сосен; бліндажы – для каманднага саставу; згарэлыя, пакручаныя агнём і чалавечым горам крыжы; рэшткі вясковых хат; калючы дрот і вышка фашысцкіх вартаўнікоў – здаецца, зараз пачуецца аўтаматная чарга і злы сабака з брэхам кінецца на грудзі… Рукі пачынаюць дрыжэць, сэрца калоціцца і хочацца хутчэй збегчы, хоць і разумееш, што гэта ўсё – муляж, дэкарацыі. Але не пакідае думка: я магу пайсці адсюль, сесці на матацыкл і паехаць дахаты, да сваіх блізкіх – у адрозненне ад тых, хто не проста бачыў – жыў у гэтым.
Так, я пайду… Вось толькі на хвілінку прысяду ля акопу, паўразбуранага трапным пападаннем нямецкага снарада, – хвілінку памяці і павагі…
…І ўсё іншае – пры неабходнасці
Па ўсёй тэрыторыі пляцоўкі раскіданы бярвенні рознага «ўзросту», дошкі, набітыя мяхі, у некаторых дамах выбіты шыбы, дзесьці няма даху або вокны наглуха забітыя… Але гэта толькі на першы погляд здаецца, што вакол пануе запусценне. Прыгледзеўшыся, разумееш, што за лічаныя гадзіны недагледжаны дом на ўскрайку лесу можа ператварыцца ў прыгожае сядзібнае гняздо старажытнага роду, а бярвенні – у дыхтоўную дамбу на рацэ ці надзейны мост. І кожны раз гэта ўжо будзе іншая гісторыя, знятая новым рэжысёрам па новым сцэнарыі на ўсё той жа натурнай пляцоўцы беларускага «Смалівуду»…
Майце на ўвазе
▪ Да КПП вядзе асфальтавая дарога, якая на апошніх кіламетрах, мякка кажучы, жадае быць лепшай. Таму не спяшайцеся, збаўце хуткасць.
▪ Праезд па лясной тэрыторыі забаронены, таму матацыклы давядзецца пакінуць на абочыне дарогі – стаянкі тут няма.
▪ Пляцоўка – не турыстычны аб’ект, купіць вады і перакусіць вы там не зможаце, а хадзіць давядзецца доўга, так што паклапаціцеся пра «папіць і паесці» загадзя.







