Молодых специалистов чествовали в центральной районной больнице г. Островца
Сёлетні год для астравецкіх медыкаў асаблівы: пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у наш раён прыбылі 18 маладых спецыялістаў.Дзевяць урачоў – тэрапеўты, педыятр, неўролаг, хірург, псіхатэрапеўт, урач-лабарант і ўрачы агульнай практыкі – і столькі ж медыцынскіх сясцёр атрымалі першыя рабочыя месцы на Астравеччыне. Большасць з урачоў, а таксама медыцынскія сёстры засталіся працаваць у цэнтральнай раённай бальніцы. А некаторыя будуць аказваць медыцынскую дапамогу насельніцтву ў сельскіх урачэбных амбулаторыях і фельчарска-акушэрскіх пунктах. Дарэчы, палова маладых спецыялістаў – ураджэнцы Астравеччыны.
Па добрай традыцыі ў раённай бальніцы адбылося прысвячэнне маладых спецыялістаў у рады медыцынскіх работнікаў. На сустрэчу з моладдзю прыйшлі галоўны ўрач і яго намеснікі, старшая медыцынская сястра, старшыні ветэранскай арганізацыі, пярвічак ГА БРСМ, Чырвонага крыжа, РГА “Белая Русь”, “Беларускага саюза жанчын” і прафсаюзнай арганізацыі.
З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся намеснік галоўнага ўрача У.Ч. Мажэйка, які расказаў пра дзейнасць лячэбнай установы, дасягненні і далейшыя перспектывы развіцця сістэмы аховы здароўя на Астравеччыне.
Словы віншавання і пажаданні поспехаў у працы адрасавала маладым спецыялістам старшая медыцынская сястра бальніцы В.І. Андралойць.
Старшыня ветэранскай арганізацыі цэнтральнай раённай бальніцы В.М. Аўлас падзялілася сваім багатым прафесійным і жыццёвым вопытам і ўспамінамі пра асабісты працоўны шлях. Яна дала маладым спецыялістам некалькі карысных парад і выказала пажаданне, каб у працоўнай кніжцы кожнага з тых, хто сёлета пачаў працоўную дзейнасць, быў толькі адзін запіс – аб прыёме на работу ў Астравецкую раённую бальніцу.
Аб дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі медыцынскіх работнікаў, ролі калектыўнага дагавору паміж наймальнікам і супрацоўнікам, правах і гарантыях для маладых спецыялістаў падрабязна расказаў старшыня прафкама Т.З. Субаткевіч.
Слова было прадастаўлена і маладым спецыялістам. Малады ўрач раённай паліклінікі Дзяніс Пупейка, ураджэнец Астраўца, выказаў надзею, што цікавымі і запамінальнымі будуць не толькі першыя дні працы, але і ўвесь працоўны шлях маладых медыкаў на ніве аховы здароўя насельніцтва Астравецкага краю.
На памяць аб пачатку працоўнай дзейнасці кожны малады спецыяліст ад адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта атрымаў памятны падарунак.
Шчырая размова прадоўжылася па-сямейнаму – у цёплай абстаноўцы за «салодкім» сталом і кубкам гарбаты.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
