Молодые таланты Островетчины покорили область

Маладых і таленавітых, творчых і арыгінальных, здольных і разнапланавых удзельнікаў сабрала абласная выстава-конкурс маладых мастакоў і майстроў сучаснага народнага мастацтва “Творчая рунь”, на якой свае работы прадставілі і маладыя таленты Астравеччыны.


Наведвальнікі абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, дзе праходзіла выстава, маглі атрымаць асалоду ад разнастайнасці прыгожых і арыгінальных вырабаў. Вышыўка ў розных стылях, цудоўныя  кампазіцыі з саломкі, неверагоднае адлюстраванне наваколля праз прызму фотааб’ектыва – усё гэта захапляла, зачароўвала і радавала. Ды і не дзіва, бо свае работы прадставілі шэсцьдзясят удзельнікаў з Гродзенская вобласці і горада Гродна.

Прадставілі плён свайго таленту і працы на абласной выставе-конкурсе і шасцёра астраўчан. І іх работы не засталіся незаўважанымі і атрымалі добрую адзнаку. Дыпломы за ўдзел у выставе-конкурсе атрымалі Анжэла Карэйва ў намінацыі “Вязанне” і Вікторыя Варановіч у намінацыі “Маляванне”.

Спецыяльным дыпломам “За пераемнасць народных традыцый” была ўзнагароджана Сняжана Міхалка. Яшчэ адзін такі дыплом у намінацыі “За майстэрства вышыўкі” атрымала Вераніка Кумішча. Дзяўчатам таксама ўручылі памятныя падарункі.

А вось у намінацыі “Фатаграфія” нашы ўдзельнікі атрымалі дзве ўзнагароды: дыплом лаўрэата трэцяй  ступені атрымаў Кірыл Масевіч, а лаўрэатам першай ступені ў гэтай жа намінацыі стала Катажына Дзятловіч. У дадатак да дыпломаў яны таксама былі ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі.

Не засталася без узнагарод і наша “кузня” талентаў, дзе раскрываюцца і ўдасканальваюцца маладыя дараванні: Астравецкі цэнтр рамёстваў атрымаў дыплом “За работу па выяўленні і падтрымцы таленавітай моладзі ў дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве”.

Віншуем з узнагародамі нашых творчых і таленавітых!


-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.