Молодые люди, сломавшие дерево, наказаны
Некалькі гадоў назад большасць жыхароў Астравеччыны абурыў выпадак вандалізму: напярэдадні майскіх святаў хтосьці паламаў маладзенькія ліпкі па вуліцы Валадарскага. Тады, на жаль, вандалаў знайсці і прыцягнуць да адказнасці не атрымалася. Суцяшала думка, што, магчыма, яны адумаліся і зразумелі, што зрабілі.
За час, што прайшоў з таго выпадку, пакалечаныя ліпкі пачалі ўбірацца ў сілу, папрыгажэлі, пусцілі новыя густыя парасткі. Але зусім нядаўна зноў знайшліся аматары зламаць дрэўцы, што ўпрыгожваюць горад і радуюць яго жыхароў і гасцей.
Двое маладых людзей вырашылі паўтарыць учынак невядомых “герояў”. На шчасце, гэта ўбачыў у акно нераўнадушны чалавек, які і выклікаў міліцыю. Атрымалася папярэдзіць непапраўнае. Маладыя людзі зламалі толькі адно дрэўца – больш не паспелі, бо прыбылі супрацоўнікі міліцыі, якія і затрымалі правапарушальнікаў.
На іх быў складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства (артыкул 17.1). Маладыя людзі заплацілі штраф. Хочацца спадзявацца, што гэта дапаможа ім зразумець “што такое добра, а што такое дрэнна”.
