Минский хлеб "пришел" в Островец

У былым магазіне “Клопат” Астравецкага райспажыўтаварыства адкрылася новая гандлёвая кропка, аналагаў якой у нашым раёне пакуль няма – магазін аптова-рознічнага гандлю канцэрна “Мінскхлебпрам”.

Жыхарам раёна даўно палюбіўся мінскі хлеб: адным даспадобы “Нарачанскі”, другія любяць “Водар”. Дзякуй богу, ужо не трэба заказваць бохан “Радзівілаўскага” знаёмым, якія едуць у сталіцу ў камандзіроўку: мінскі хлеб даўно і трывала “прапісаўся” на паліцах прадуктовых магазінаў Астравеччыны – як прыватных, так і кааператыўных.


Але старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька неаднаразова ўздымаў пытанне: чаму прадпрымальнікі раёна, якія гандлююць хлебам, а таксама райспажыўтаварыства, едуць па яго ў Мінск? Ці нельга гэтыя намаганні, а разам з імі – і транспартныя расходы – аб’яднаць?


Аднак кожны па-ранейшаму лічыў, што яму лепш і дзешавей даставіць хлеб самому, чым плаціць канкурэнту.


Ну, раз гара не ідзе да Магамета, то Магамет прыйшоў да гары: “Міснкхлебпрам” адкрыў свой аптовы магазін у Астраўцы. Каб на месцы заключаць дагаворы і дастаўляць сваю прадукцыю шматлікім кліентам.


Для буйнога канцэрна гэта выгадна, бо дае дадатковы бонус у жорсткай канкурэнтнай барацьбе на рынку хлебабулачных вырабаў – дарэчы сказаць, канцэрн, па словах яго генеральнага дырэктара У. В. Талайкі, займае амаль чвэрць рэспубліканскага сегменту гэтага рынку.


Думаецца, сваю выгаду знойдуць і гандлёвыя арганізацыі: падчас адкрыцця новага магазіна прадпрымальнікі актыўна цікавіліся ўмовамі супрацоўніцтва, магчымымі скідкамі і бонусамі.


Ну а пакупнік, дзеля інтарэсаў якога і задумана ўся гэтая справа, будзе задаволены ў тым выпадку, калі мінскі хлеб трапіць да яго на стол як мага раней, калі ён будзе свежы і смачны, а цана – прымальнай.


Праўда, тыя пакупнікі, які прыйшлі ў мінулую пятніцу на цырымонію адкрыцця, былі крыху расчараваныя, што ім прапанавалі толькі дэгустацыю прадукцыі, а набыць яе было нельга: кожны ўжо шыкаваў грошыкі, каб набыць свежы торцік ці пірожнае. Але пакуль што магазін будзе працаваць як аптовы. А з цягам часам, як сказаў М. М. Лагуновіч, дырэктар хлебазавода №4, якому даручылі куратарства над нашым раёнам, магчыма, тут пачнецца і рознічны гандаль.


Пачакаем?


________________


Ніна Аляксеева,


фота аўтара