Мини-мисс, просим на бис!
Два дні ў кінаканцэртнай зале “Астравец” праходзіў кастынг: журы – спецыялісты Астравецкага РДК – шукала ўдзельніц ва ўзроставай катэгорыі ад 6 да 10 гадоў для конкурсу “Міні-міс Астравец-2013”, які плануецца правесці ў маі гэтага года.Напэўна, калі б я пачула ў шасцігадовым узросце: “Калі вы нам падыдзеце – мы вам патэлефануем”, то адразу разнервавалася б. Колькі чакаць таго тэлефанавання? І ўвогуле, ці падыду?
Аднак на кастынг прыходзілі дзяўчынкі, упэўненыя ў сабе: яны не зважалі на астатніх удзельніц, і ўспышкі маміных фотаапаратаў не адцягвалі іх увагі.
…Анастасія выступае на сцэне з ранняга дзяцінства, і дома таксама часта спявае. Дзяўчынка марыць: вырасце і абавязкова стане артысткай ці спявачкай. А дома мама, тата і любімая бабуля будуць глядзець Настачку па тэлевізары. Перад журы дзяўчынка не разгубілася, бойка выканала падрыхтаваную песню, не забываючы пры гэтым рухацца ў такт музыкі.
Жэню на крэсле чакаў вялікі блакітны заяц. Яна раз-пораз паглядвала на яго, быццам прасіла падтрымкі, але ён моўчкі сядзеў у адзіноце. Дзяўчынка забылася словы верша, які не адзін раз рэпеціравала дома перад люстэркам і сястрой. Бачна было, што ёй складана, і журы, асабліва Руслан Юргелянец, як сапраўдны псіхолаг, знайшоў падыход да гаспадыні блакітнага зайца. Кінаканцэртную залу Жэня разам са старэйшай сястрой пакідала ў добрым настроі і верыла, што ёй абавязкова патэлефануюць.
Сямігадовая Даша, першакласніца гімназіі №1 г. Астравец, вырашыла сама, што паспрабуе свае сілы на кастынгу. Мама дзяўчынкі прызнаецца, што яны з мужам падтрымалі дачку і спакойна прынялі яе рашэнне. Перш, чым пераступіць парог кінаканцэртнай залы “Астравец”, ад мамы Даша пачула:
– Ты павінна быць падрыхтаваная да таго, што не пройдзеш кастынг ці нешта не атрымаецца.
Але ў Дашы атрымалася і песня, і адмысловы танец на ўзроўні прафесійных “зорак”.
…На кастынгу былі ўсмешкі і расчараванні, калі ў самы адказны момант з галавы вылятала патрэбнае слова. Журы не заўсёды было задаволена падрыхтаванымі нумарамі – пагэтаму дзяўчынак прасілі праспяваць песню ці станцаваць пад прапанаваную мелодыю.
За два дні свае сілы паспрабавалі 19 дзяўчынак. Хтосьці з іх самастойна, а хтосьці з дапамогай мамы або старэйшай сястры адказваў на пытанні анкеты пра любімы колер, занятак і захапленні. Пакуль дзяўчынкі рыхтаваліся да сваіх нумароў, члены журы праглядалі фотаздымкі.
– Амаль усе дзяўчынкі моцныя, асабліва са старэйшай узроставай катэгорыі. – дзеліцца сваімі ўражаннямі Наталля Янкоўская. – Некаторыя з дзяцей хвалююцца, іншыя – наадварот, быццам народжаныя на сцэне!
Асабліва запомнілася дзяўчынка з добра пастаўленай сцэнічнай мовай, і галоўнае, што гэта – прыроджаная ўласцівасць. А іншая дзяўчынка, якая марыць стаць ветэрынарным урачом, прызналася, што, калі б дазволіла мама, яна б усіх бяздомных жывёл забрала да сябе.
…Кожная з дзяўчынак, якія прыйшлі на кастынг, усёй душой верыць, што жаданае тэлефанаванне прагучыць у кватэры. А словы “Вы прайшлі адбор” прымусяць скакаць да столі ад радасці не толькі саму дзяўчынку, але і ўсю сям’ю.
А мы будзем чакаць самога конкурсу “Міні-міс Астравец-2013” – падобна, ён будзе цікавым і відовішчным.
------------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.