Михаил Барздыко: армия, плен, война – история жизни героя Победы




Міхаіл Барздыка

Праводзячы ў армію сына, удава Ганна Якаўлеўна Барздыка нават уявіць не магла, што развітаецца надоўга са сваім галоўным памочнікам, які пасля смерці мужа быў за гаспадара ў хаце і замяніў бацьку сваім брату і дзвюм сястрычкам. Яе Мішу давялося зведаць многае: і жудасць баёў, і нямецкі палон, і радасць Перамогі… 

Гісторыю жыцця ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Барздыкі расказала яго дачка Людміла Раван. 

БЯГОМЛЬСКІ САЛДАТ

Нарадзіўся Міхаіл Канстанцінавіч Барздыка ў 1922 годзе на Віцебшчыне:  у вёсцы Трацаўшчыне Бягомльскага раёна. Бацька хлопчыка рана памёр, маці засталася з чатырма дзецьмі на руках. 

Міша скончыў 4 класы школы, атрымаў правы трактарыста… І ў 1940 годзе юнака прызвалі армію – там ён і сустрэў Вялікую Айчынную вайну. Але, як расказваў у адным з артыкулаў сам ветэран, на фронце прабыў нядоўга: у адным з баёў ва Украіне атрымаў кантузію і трапіў у палон.

– Тата ўзгадваў пра пачатак вайны: рап­тоў­насць нападу гітлераўскіх войск, разгуб­ленасць нашых салдат. Казаў, даво­дзілася ў бой ісці не толькі з вінтоўкай, але і з палкай, бо зброі не хапала. У выніку многія трапілі ў палон. І мой бацька – таксама, – дзеліцца Людміла. 

Так стралок 469-га стралковага палка апы­нуўся ў Бесарабіі (Румынія). З лагера яго з яшчэ некалькімі вязнямі адабралі на сельгасработы. Аднак папрацаваў там нядоўга. 

– Быў Вялікдзень, гаспадары святкавалі, адпачывалі. Гледзячы на гэта, тата вазьмі ды і скажы: «У іх свята, бо яны людзі! А мы што не такія ж, нейкія іншыя?!»  Бацька па натуры быў такі: не мог маўчаць, калі штосьці не падабалася, нават калі ведаў, што сказанае можа стаць непрыемнасцямі. У выніку яго абурэнне скончылася тым, што ён зноў апынуўся ў лагеры,– працягвае жанчына.   


Пасля вызвалення з палону наш зямляк стаў вайскоўцам 150-га стралковага палка, потым – 1317-га стралковага ордэна Кутузава палка 202-й стралковай Корсуньскай Чырвонасцяжнай ордэна Кутузава дывізіі; 188-га артылерыйскага стралковага палка.

У лістападзе 1944 года за здзейсненыя ў Венгрыі і Румыніі подзвігі чырвонаармейца ўзнагароджваюць медалём «За адвагу». Дакумент сведчыць, што «разведчык узвода пешай разведкі Барздыка Міхаіл Канстанцінавіч у баях супраць нямецкіх захопнікаў праявіў смеласць, мужнасць і адвагу». І прыводзяцца яго подзвігі ў бітвах за венгерскую вёску Вата  і румынскую – Турэнь: знішчэнне супрацьтанкавай і іншай зброі, узяцце ў палон немцаў. 

Вясной 1945-га Міхаіл Канстанцінавіч атрымаў раненне ў сцягно. Пасля выпіскі са шпіталю яго накіравалі ў 145-ты гвардзейскі стралковы полк. 

З Перамогай служба  для бягомльскага хлопца не  скончылася, ён затрымліваецца ў арміі яшчэ на год: будзе служыць у 36-м конным дэпо 86-га стралковага палка.



КРОПКА ПРЫЦЯГНЕННЯ: АСТРАВЕЧЧЫНА

– Бацьку дэмабілізавалі толькі ў лістападзе 1946-га. А калі вярнуўся на радзіму, яго накі­ра­валі на Свіршчыну (частка зямель цяпер тэрыторыя Астравецкая раёна. – Заўв. аўт.), як тады казалі, падымаць калгасы, – гаворыць дачка ветэрана. – Месяц адпрацаваў трактарыстам, а ў маі 1947-га перайшоў ў Свірскую кантору сувязі  на пасаду загадчыка агенцтва (пазней яно стала называцца канторай сувязі) у Рытані. Тата працаваў на адным месцы ўсё жыццё, у 1982-м выйшаў на пенсію.

З будучай жонкай, да таго ж сваёй зямлячкай Міхаіла Канстанцінавіча лёс звёў на Астравеччыне.

– Мама родам з Лепельшчыны. Пасля заканчэння педвучылішча  ў 1948 годзе прыехала па размеркаванні ў Рызгорскую школу, – расказвае Людміла. – Тут мама з татам і па­знаёміліся. Хто ведае, можа, апроч сімпат­ый, іх зблізіла і тое, што былі землякамі – Бягомльскі і Лепельскі раён знаходзяцца па суседстве.

Не прайшло і года пасля прыезду Надзеі Карабань у астравецкі край, як яна змяніла прозвішча на Барздыка. У сям’і нарадзіліся два сыны і дачка. 

– З дзецьмі бацькам дапамагала бабуля – маміна маці, якая пераехала да нас жыць пасля нараджэння майго другога брата. Пакуль тата з мамай на рабоце, яна і прыгатуе, і па гаспадарцы абыйдзецца. А дома ўласнага ў нас, можна сказаць, і не было: бацькі спярша кватаравалі, пазней пасяліліся пры школе, дзе мама працавала, – палова будынка была адведзена пад жыллё педагогам, – прыгадвае дзяцінства Людміла. –  Тату ўсё жыццё цягнула на Віцебшчыну. Хаця з часам і грошай падсабіралі – можна было хату купіць альбо пабудаваць. Аднак бацька ўсё сумаваў па радзіме, марыў, што калі выйдзе на пенсію, вернецца на матчыну зямлю. 


Гэтая мара не спраўдзілася: і Міхаіл Канстанцінавіч, і Надзея Ісакаўна засталіся на Астравеччыне – тут,  на літвянскай зямлі, яны знайшлі вечны супачын. 

– У 1991-м не стала мамы, а ў 1996 го­дзе пайшоў з жыцця тата, – дзеліцца дачка Барздыкаў. 

ТРЫМАЮЦЦА ЗА ГІСТОРЫЮ

Памяць… Гэтая ўнікальная адметнасць чалавечай існасці мае розныя праявы. У дзяцей Міхаіла  і Надзеі яна жыве ў газетных выразках, дакументах, фотаздымках, асабістых рэчах бацькоў… І нават перавезеная пад дачу бабуліна хатка (якую яна пасля вайны будавала з дачушкамі-падлеткамі) мае асаблівае значэнне для нашчадкаў: кожнае яе наведванне як сустрэча з роднымі, вяртанне да сваіх каранёў.

– Трымаемся за гісторыю – для нас гэта важна. І беражом як найвялікшую каштоўнасць, каб перадаць унукам. Да слова, нашу сямейную гісторыю яны ведаюць – часта размаўляем на такія тэмы. Аднаго з унукаў назвалі ў гонар дзеда, – гаворыць Людміла. – Толькі вось пра жыццё бацькоў у ваенны час мы чулі няшмат, бо гэту тэму родныя амаль не краналі.  


Дзеці ведаюць, што ў вайну бацькавага малодшага браціка забілі – дзіця яшчэ быў. Хату бабуліну спалілі – новае жытло жанчына рубіла разам са сваімі двума дзяўчаткамі ўжо пасля вызвалення беларускіх зямель ад акупантаў. Чулі і тое, што Надзеі Ісакаўне са сваёй маці давялося зведаць нямала гора …

– Помню, што Дзень Перамогі бацька любіў да слёз і хадзіў на ўрачыстасці заўсёды, – прыгадвае дачка Міхаіла Барздыкі. –   9 Мая для яго было святам святаў. Як чакаў яго –  не перадаць словамі, рыхтаваўся. Сельсавет збіраў ветэранаў, машына прыязджала пад кожны дом – а потым усе разам ехалі ў Рытань. Там іх чакала святочная праграма, накрытыя сталы… 


У спадчыну дзецям і ўнукам ветэрана засталіся нават яго захапленні.

– Пчалярства для бацькі было не проста спра­вай, а своеасаблівым адпачынкам. Яго вул­лі, суадносна, і справу душы працягвае мой муж. Татавай літаратурай  ён і цяпер карыстаецца. Перадалося ў спадчыну і яшчэ адно захапленне бацькі: рыбалка – з пустымі рукамі дамоў ніколі не вяртаўся! Гэту любоў да ціхага палявання і абодва яго сыны пера­нялі, і ўнукі, – усміхаецца, змахваючы са шчакі слязу, жанчына. 

Адышлі ў лепшы свет родныя людзі, апусцела бацькоўская хата, але не згаслі агеньчыкі памяці ў сэрцах дзяцей, унукаў ветэрана, запаляць гэтае святло яны і ў праўнуках – і так будзе перадавацца гісторыя  сям’і Барздыка.


Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо, из сайта «Память народа».