Мечыслаў КУДЫРКА: «Падчас развалу – выжывалі і працавалі»

Сённяшні Астравец, які на вачах яго жыхароў ста­но­віцца адным з самых прыгожых і добра­ўпа­радкаваных гарадоў краіны, мала нагадвае раённы цэнтр, тады яшчэ не горад, а мястэчка, вёску, пазней – гарадскі пасёлак, якому ў 1940 годзе выпала стаць цэнтрам раёна.

 І, тым не менш, ён не стаў бы такім, як сёння, калі б не тыя людзі, што працавалі тут у далёкія 50-я, 60-я, 70-я, 80-я гады. Так, у той час яны вырашалі зусім іншыя задачы і праблемы, у іх былі зусім іншыя магчымасці – але гэта не значыць, што яны ў сваю працу ўкладвалі менш душы і сіл, што тыя дасягненні, якія сёння некаму могуць падацца смешнымі, вымагалі ад іх менш старання і самааддачы.

Напярэдадні юбілею Астраўца мы задалі «Пяць пытанняў аб галоўным» былым кіраўнікам раёна.

Пяць пытанняў аб галоўным

1. Якія задачы і праблемы вы вырашалі падчас вашага кіраўніцтва раёнам?

2.  Якія асноўныя дасяг­ненні ў Астравеччыны былі ў той час?

3.  Адзін у полі не воін… На каго вы абапіраліся ў сваёй рабоце, хто былі вашы памочнікі?

4.  Ці часта бываеце зараз у Астраўцы, ці сочыце за справамі раёна – і як успрымаеце тыя пераўтварэнні, што адбываюцца на Астравеччыне?

5.  Што бы вы пажадалі жыхарам горада і раёна ў гэтыя юбілейныя дні?


2.jpg

Мечыслаў Браніслававіч Кудырка, старшыня Астравецкага райвыканкама ў 1989-1999 гадах

1. На гады, калі я працаваў старшынёй Астравецкага райвыканкама, выпаў самы складны час: развал Савецкага Саюза, шалёная інфляцыя, безграшоўе, дэфіцыт усяго на свеце, купоны, талоны, картачкі пакупніка… Чэргі стаялі за ўсім:  за малаком, хлебам, каўбасой. Нам даводзілася дзяліць па арганізацыях, па талонах усё – ад мэблі да шкарпэтак, ад паліто да гарэлкі. Памятаю, як забаставалі механізатары падчас жніва – з-за чаго б вы думалі? У продажы зніклі цыгарэты… Сённяшняй моладзі, напэўна, нават цяжка ўявіць, што мы ў той час так жылі.

Тым не менш, нават у тых умовах нам удавалася нешта рабіць. Галоўным дасягненнем лічу тое, што ў Астравецкі раён «прыйшоў» прыродны газ – хоць далося гэта вельмі няпроста. Спачатку газаправод з’явіўся ў калгасе імя Мічурына, затым прыйшоў і ў Астравец. Гэта дазволіла ўз­весці і запусціць у работу новую кацельню – ранейшая, школь­ная, якая працавала на вадкім паліве, не спраўлялася з абагрэвам гарадскога пасёлка, і зімой у кватэрах астраўчан і ў адміністрацыйных памяшканнях райцэнтра стаяў страшэнны холад. Кацельня на газу дапамагла вырашыць гэтую праблему. А затым блакітнае паліва пайшло далей па раёне. Дзякуючы таму, што з’явіўся газ, запусцілі птушкафабрыку ў калгасе «Чырвоны Кастрычнік».

2. Вялікай праблемай у горадзе было будаўніцтва: грошай у гаспадарках хапала – не было фондаў, спецыялістаў. Адзіная ў раёне будаўнічая арганізацыя МПМК-158 засталася без кіраўніка. Мы сталі шукаць кадры на пацярпелай ад Чар­нобыльскай АЭС Гомельшчыне, адкуль многія спе­цыялісты хацелі выехаць у чыстыя раёны. Так у Астравец з Хойнікаў прыехала цэлая будаўнічая арганізацыя на чале з начальнікам Мікалаем Іва­навічам Кавалёвым – а вобласць дазволіла нам пабудаваць у райцэнтры 120 кватэр для перасяленцаў. Новыя сілы ажы­вілі дзейнасць МПМК – нашы будаўнікі ў тыя гады былі ў ліку лепшых  у вобласці. А галоўнае – шмат было зроблена: у той час пабудаваны амаль усе пяціпавярховыя дамы ў мікрараёне Валадарскага, цэлы пасёлак у Міхалішках, многае зроб­лена ў Кямелішках, Рытані, іншых вёсках раёна.

3. У Астравец я прыехаў з Ліды – адзін, без каманды, і магчымасці выбіраць, з кім працаваць, на каго абапірацца, у мяне не было: працаваў з тымі людзьмі, якія ўжо займалі свае пасады. Часам, вядома, даводзілася некага мяняць – але я ставіўся да кадравых перамен вельмі акуратна, стараўся не сячы з пляча. Часам не адзін месяц думаеш, перш чым змяніць чалавека. Ды і не ў тым справа, каб звольніць, – галоўнае, хто прыйдзе на яго месца? Адзін, бачна, і рад бы – ды разумееш, што, як кажуць, не па Сеньку шапка, не пацягне ён гэты воз. А другога тыднямі даводзіцца ўгаворваць…

У час, калі я ўзначальваў райвыканкам, вельмі граматныя, талковыя спецыялісты працавалі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі – Раман Адамавіч Івашка, Анатоль Георгіевіч Болагаў і іншыя. Я заўсёды прыслухоўваўся да іх меркаванняў па любым пытанні. І кіраўнікі гаспадарак былі моцныя – Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч, Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі,  Іван Іванавіч Дужык, Мар’ян Вацлаваіч Шагун. Іх не трэба было прымушаць ці вучыць, як і што рабіць, – наадварот, у іх можна было павучыцца.

4. У Астраўцы я цяпер бываю рэдка, але заўсёды сачу, што тут адбываецца, па сродках масавай інфармацыі: газетах, тэлебачанню, сайтах у інтэрнэце. Радуюся за горад, раён, за нашых людзей – мы ў свой час нават марыць аб не маглі, што Астравец, пра які ведалі хіба што ў нашай вобласці, ды і то не ўсе, стане вядомым ва ўсёй краіне і далёка за яе межамі, што сюды будуць ехаць з усяго свету. Гэта проста цудоўна.

5. Я з вялікай цеплынёй успамінаю гады, пражытыя ў Астраўцы, і людзей, мно­гія з якіх сталі мне роднымі. А што можна пажадаць родным людзям? Вядома ж, самага найлепшага – каб будаўніцтва атамнай станцыі надало новы імпульс для развіцця раёну і каб у выніку паляпшаўся дабрабыт яго жыхароў, каб жылі астраўчане радасна і шчасліва. 

Текст: Нина Рыбик