Марина Ковалевская убедилась, что Дед Мороз существует!
Адзін Новы год мне запомніўся на ўсё жыццё.
Тады была 10-гадовай дзяўчынкай. Неяк у рукі трапіла паштоўка са снегавіком у шапцы-бурацінцы, рукавічках і шаліку. Так спадабалася гэтае ўбранне, што я прычапілася да бацькоў: хачу сабе такое ж! А яшчэ – мацаванне для лыж, як у старэйшых дзяцей.
Каляды. У хаце ёлка аж да самай столі. З нецярпеннем чакаю раніцы і, канешне ж, падарункаў. Прачнуўшыся, пачула размову бацькоў, што маё жаданне споўнена: мацаванне на лыжах, а лыжы – у адрыне. Пачакаўшы, калі бацькі пойдуць аглядацца па гаспадарцы, не запаліўшы святла, маланкай шмыганула з ложка, у цемры не зарыентавалася – і спікіравала прама ў ёлку. Аднекуль з візгам скочыў кот, а я сцяміла: скажу, што гэта ён вінаваты.
Кінулася да печы, адкуль схапіла бацькавы вайлакі – і падалася ў адрыну. Хуценька стала мацаць рукамі па сцяне, шукаючы лыжы, зачапіла мяшок з камбікормам – і той рухнуў мне на ногі. Узнялося мучное воблака, вайлакі былі поўныя корму, але мяне гэта не спыняла. Потым у поцемках я ўбілася ў сечку, развярнула тарпу з цюкамі сена, але, не перастаючы чхаць ад пылу, працягвала пошукі. І ўрэшце лыжы былі знойдзены! Шмат прыгод са мной здарылася ў гэты дзень і пасля – у выніку я зламала адну лыжу…

А ў першы дзень Новага года бацька паклікаў мяне на двор. Ля самага ганку стаялі новыя лыжы з мацаваннем, а маці трымала ў руках кулёк з шапкай, шалікам і рукавічкамі, пра якія я марыла. Мне ў той момант хацелася крыкнуць на ўвесь свет, што хоць я і не бачыла яго, але ён – Дзед Мароз – існуе! Бо ён выканаў мае жаданні!..
