Маналог агранома: «Прашу зямліцу: не падвядзі!..»






–Аграномія – гэта маё. Нават не ведаю, адкуль ўва мне гэтая ўпэўненасць, але яна ёсць. Так, гэта складаная прафесія. І вельмі адказная – ад своечасовасці і граматнасці маіх рашэнняў часта залежаць вынікі працы ўсяго калектыву. Так, прафесійнага вопыту пакуль малавата – усё ж сёлетняя пасяўная толькі другая ў маім працоўным жыцці. Першая была ў мінулым годзе ў СВК “Гервяты”. Але там я быў загадчыкам вытворчага ўчастка, а гэта значыць, што стратэгічныя пытанні вырашаў не я, а галоўны аграном гаспадаркі – маёй прэрагатывай была тактыка або аптымальнае ажыццяўленне задумак Аляксандра Вацлававіча Габруковіча.
Аграномія мне падабалася заўсёды. Нават не ведаю, чаму. Сам факт, што з дробнага семечка вырастае новае жыццё – цэлая расліна, якая корміць свет, падобны на цуд. Стаяць ля вытокаў гэтага цуду, больш таго, ствараць яго ўласнымі рукамі – хіба ёсць на свеце што-небудзь цікавейшае?!
Адразу пасля заканчэння школы я пайшоў у механізатары. Пачаў з самых азоў. І гэтыя азы вельмі спатрэбіліся сёння – я дакладна ведаю, чаго патрабую ад кожнага трактарыста, і якасць зробленага ім магу ацаніць беспамылкова.
Не скажу, што тады было лёгка. Днём завіхаўся на палетках калгаса імя Гашкевіча, а па вечарах сядаў за падручнікі, таму што паступіў на завочнае аддзяленне агранамічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Вучыцца было цікава – кожная пройдзеная тэма прыадкрывала завесу над таямніцай існавання расліннага свету. Хаця… Часам хацелася (як без гэтага?!) адкінуць падручнікі далёка ў кут і разам з равеснікамі пайсці куды-небудзь на танцы, на “маёўку”, проста пасядзець на лавачцы…
Аднойчы мне прапанавалі стаць загадчыкам участка, створанага на месцы СВК “Дайлідкі”, які ўвайшоў у склад СВК “Гервяты”. 2,5 тысячы гектараў ворыва – тады яны падаліся мне неабсяжнымі. Усю зіму я вывучаў палі па агранамічных картах, і да пачатку пасяўной ужо меў уяўленне, “дзе якія глебы і пачым”. І сяўба прайшла без асаблівых праколаў.
А ў пачатку жніўня тагачасны старшыня СВК “Варняны” Уладзіслаў Эдвардавіч Рук прапанаваў мне ўзначаліць агранамічную службу гэтай вялізнай гаспадаркі. Жарты сказаць: амаль 9 тысяч гектараў ворыва…
Я прыняў прапанову. Так, адважыўся. Канешне, у пэўнай ступені тут спрацаваў юнацкі максімалізм. Хаця… Не богі лепяць гаршкі.
На сяўбе азімых прыйшлося тугавата – гаспадарка вялікая, палі невядомыя. Але адсеяліся ў час.
Потым была зіма – і я зноў засеў за вывучэнне картаграм. Поле за полем знаёміўся з калгаснымі плошчамі. Бальнасць, кіслотнасць, забяспечанасць гумусам і макраэлементамі. Рэльеф. Папярэднік…
Аптымальнае вызначэнне севазвароту пасяўных плошчаў – задача нумар адзін для агранома. Зможаш прадбачыць усе нюансы, ты – герой. Мясцовых маштабаў, канешне. Не зможаш… Ну што зробіш? Давай, трымай спіну роўна. Ты – толькі чалавек: вучыся, старайся, атрымаецца абавязкова.
І каб жа ў раслінаводстве ўсё залежала ад агранома! А то… Столькі працы было ўкладзена ў кожны гектар на той жа восеньскай пасяўной, а вясной аказалася, што ўвесь азімы рапс загінуў. Чорнае поле – ніводнай раслінкі. 600 гектараў рапсу трэба перасяваць, а гэта дадатковыя затраты – на паліве, на насенні, на аплаце працы. На нервах агранома, нарэшце.
Дарэчы, загінуў не толькі рапс – давядзецца перасеяць амаль 300 гектараў азімых збожжавых. Галоўным чынам не вытрымала ўмоў зімоўкі азімае трыцікале. Але збожжавыя хоць удалося застрахаваць з восені. Так што цяпер павінны атрымаць матэрыяльнае забеспячэнне. Хацелі застрахаваць і рапс, але прадстаўнік кампаніі адмовіўся. Ненадзейная, маўляў, культура – не для нашай зоны рызыкоўнага земляробства… Спрачацца з ім складана, але працаваць трэба і ў гэтай не самай спрыяльнай зоне.
Вось і на вяснавой сяўбе. Выйшлі ў поле 30 сакавіка. Насенне падрыхтавана, тэхніка ў нармальным стане. З палівам перабояў няма. Сеем, галоўным чынам, пасяўнымі агрэгатамі: тры “Джон Дзіры” з “Амазоніяй” і два “Беларус 30-22”. Ды дзве СПУ-шкі ім у падтрымку. Ды з такой тэхнікай мы разлічвалі пасеяць яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры да 10 красавіка. Толькі аказалася, што глеба яшчэ не гатова: трактары слізгалі, як па смале – ні нармальнай успушкі, ні якаснай задзелкі насення.
Напэўна, можна было б узяць “штурмам”, але пры ўсёй павазе да тэмпаў галоўнае ў аграноміі ўсё ж – якасць. Так што сеяць пачалі выбарачна: спачатку выйшлі на палі Трокеніцкай зоны, глебы якой больш лёгкія – пясчаныя і супясчаныя. А цяпер вось паступова рухаемся ў накірунку варонскіх суглінкаў.
Спецыфіка земляробства СВК “Варняны”, як галіны наогул, у тым, што яна спецыялізавана на вытворчасці збожжа, якім трэба забяспечыць жывёлагадоўлю гаспадаркі. Для нармальнага функцыянавання свінагадоўлі, малочнай галіны, адкорму і дарошчвання буйной рагатай жывёлы мы павінны сабраць 20 тысяч тон збожжа. Гэта значыць, кожны гектар збожжавых (з улікам азімых культур) павінен даць не менш, чым па 40 цэнтнераў. А лепш – больш. Сёлета мы паставілі перад сабой задачу атрымаць сярэднюю ўраджайнасць ў памеры 49 цэнтнераў з гектара. Хацелася б не толькі забяспечыць збожжам жывёлагадоўлю, але і сёё-тое рэалізаваць. Да прыкладу, той жа піваварны ячмень.
Дарэчы, сёлета мы закупілі суперэліту польскага ячменю сорту “сервель” – маем намер вырасціць яго і потым рэалізаваць насенне ў гаспадаркі раёна.
Сёння аграном павінен быць не толькі тэхнолагам палёў – ён абавязаны рэагаваць на становішча на рынку збыту сельгаспрадукцыі. У апошні час узнікла праблема з грэчкай, значыць, не лішнім будзе павялічыць пасевы гэтай культуры. Замест мінулагодніх 30 гектараў грэчкі, сёлета мы плануем пасеяць 100.
Гэткая ж сітуацыя назіраецца ў бульбаводстве. Цана на “другі хлеб” пратрымалася на самым высокім узроўні, і рэалізацыя клубняў дала адчувальны прыбытак – значыць, ёсць сэнс павялічыць плошчу яе пасадкі. Цяпер вядзём актыўную пераборку пасадачнага матэрыялу, балазе, бульба ў нас захоўваецца ў бульбасховішчы. Ужо гатова да пасадкі 150 тон клубняў. І глебу пад іх ужо рыхтуем. З восені пад пераворванне ўнеслі арганіку, цяпер дадаём мінералку і праводзім культывацыю для яе закрыцця.
Забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі, дарэчы, блізкая да аптымальнай. Частку тукаў, асабліва фосфарных, закупілі за свае сродкі, частку атрымалі з дзяржаўнага бюджэту. Уносім у глебу ў адпаведнасці з паказаннямі картаграм забяспечанасці макраэлементамі. І ранне-вясеннюю падкормку мы ўжо завяршылі.
Пры першай жа магчымасці выйшлі на падкормку азімых – трэба было ратаваць іх ад “набегу” “снежнай цвілі”. І тут незаменнай аказалася наша “Раса” – спецыялізаваная машына для ўнясення вадкіх угнаенняў. Яе шырокія колы не “рэжуць” палеткі, і яна здольная не правальвацца нават на празмерна вільготных глебах. Сёння азімыя падкормлены поўнасцю, калій унесены на шматгадовых травах, пашы і сенакосах. Цяпер, калі пачалася вегетацыя раслін, мы прыступілі да падкормкі палеткаў азотам.
Працоўны дзень? На пасяўной ён пачынаецца рана – у 6 гадзін мы ўжо на планёрцы ў старшыні Аляксандра Часлававіча Вярбовіча. Ды і трактарысты, занятыя на сяўбе, выходзяць на працу таксама ў 6 раніцы. Працавалі да васьмі вечара. А з сённяшняга дня пераходзім на падоўжаны рэжым – да 21 гадзіны. Усе сейбіты і іх памочнікі атрымліваюць абеды і падвячоркі. Тэмпы, тэмпы... Задача: пры максімальнай якасці ўкласціся ў мінімальны тэрмін.
Акрамя сеялак, на пасяўной працуюць 10 культыватараў, 2 АКШ, 3 машыны для ўнясення мінеральных угнаенняў. Створана спецыяльнае рамонтнае звяно, якое ў выпадку неабходнасці выязджае на поле і ліквідуе паломку проста на месцы. Калі патрэбны дадатковы рамонт, трактарыст едзе на мехдвор. Бачылі б вы, як яго тут жа абступаюць слесары! Пытанні – цьфу, цьфу, цьфу – здымаюцца на працягу некалькіх гадзін.
Сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур мы плануем завяршыць да 23 красавіка. Але ўся гэтая пасяўная колаверць не замінае мне вырашаць і свае задачы, як агранома. Я, канешне, давяраю падручнікам, але праверыць тэорыю выкладкі на практыцы бывае не лішнім. Тым больш, што далёка не на ўсе пытанні ўдаецца знайсці адказ у літаратуры. Ды і веды, дабытыя эмпірычным шляхам, больш вартыя даверу. Таму я стараюся закладаць доследы. Да прыкладу, учора мы засявалі 80-гектарнае поле ячменю. Я падзяліў яго на дзве часткі, і на адной з іх сяўбу праводзілі пасяўным агрэгатам “Амазонія”, на другой – агрэгатам айчыннай вытворчасці. Паглядзім, параўнаем…
Аграном – вельмі цікавая прафесія. Тут столькі магчымасцей для творчасці! Кожную аперацыю па апрацоўцы глебы, сяўбе, догляду за пасевамі і г.д. можна зрабіць па-рознаму. Задача агранома – знайсці аптымальны варыянт. Пра мяне пакуль гаварыць рана – я толькі вучуся быць галоўным спецыялістам. І вельмі ўдзячны кіраўніцтву гаспадаркі за разуменне і падтрымку. Але я люблю сваю прафесію. І, як закаханы на спатканні, з радасным нецярпеннем чакаю з’яўлення ўсходаў. І прашу зямліцу: не падвядзі.


Запісала Ганна ЧАКУР.