Маладыя астраўчане ў Дзень Канстытуцыі атрымалі свой галоўны дакумент

15 сакавіка па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя сходы і святочныя канцэрты, прысвечаныя дзяржаўнаму святу – Дню Канстытуцыі. Астравец не стаў выключэннем. Урачысты сход прайшоў у кінаканцэртнай зале “Астравец”.


Намеснік старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта В.М. Аксютчык павіншаваў усіх, хто сабраўся ў той дзень у святочнай зале, з Днём Канстытуцыі і расказаў пра гісторыю стварэння асноўнага дакумента дзяржавы, пра раздзелы, з якіх ён складаецца, пра правы і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Сімвалічна, што менавіта ў Дзень Канстытуцыі раённы камітэт грамадскага аб’яднання БРСМ праводзіць усебеларускую патрыятычную акцыю «Мы – грамадзяне Беларусі», у час якой 16-гадовым юнакам і дзяўчатам ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюць пашпарты.
Пасля цёплых слоў прывітання і віншавання першага сакратара райкама БРСМ М.М. Кутовіч на сцэну запрасілі маладых грамадзян Астравеччыны, якім пашпарты і падарунак прэзідэнта – кнігу «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь» уручылі В.М. Аксютчык і часова выконваючы абавязкі начальніка аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС А.М. Шкурскі.
У Астраўцы ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь галоўны дакумент грамадзяніна краіны – пашпарт – атрымалі Антон Мешкель, Марта Пілецкая, Дзмітрый Золатаў, Віялета Пілецкая, Уладзіслаў Колтан, Вольга Васілеўская, Канстанцін Замара, Вольга Сцефановіч і Ігар Власенка.
Наперадзе ў юнакоў і дзяўчат яшчэ будзе не адзін урачысты момант: апошні званок, выпускныя экзамены, атрыманне атэстата сталасці... Але гэты дзень, калі перад сваімі сябрамі, бацькамі, прадстаўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў Астравеччыны ва ўрачыстай абстаноўцы яны атрымалі пашпарт, запомніцца на ўсё жыццё. Цяпер яны сталі паўнавартаснымі грамадзянамі краіны з усімі прапісанымі ў Канстытуцыі правамі і абавязкамі, з гэтага моманту яны адказныя за ўсё, што адбываецца вакол іх. І хочацца спадзявацца, што маладосць, энергія і энтузіязм будуць спрыяць працвітанню і развіццю Рэспублікі Беларусь.
Песнямі і танцамі з Днём Канстытуцыі новых грамадзян і ўсіх, хто сабраўся ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, павіншавалі ансамбль польскай песні “Польскае рэха Астраўца”, харэаграфічны калектыў гімназіі №1 “Астравок”, спецыялісты і выхаванцы аддзела культуры і Астравецкай школы мастацтваў.


Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.