Мальская учительница завоевала Гран-при конкурса методических разработок "Открытый урок"

Таленавіты і адданы сваёй працы настаўнік, чулы і бадзёры чалавек, прыгожая і вясёлая жанчына, маці дваіх дзяцей…Так гавораць пра Алену Канстанцінаўну Касцюк, настаўніцу геаграфіі і біялогіі Мальскага дзіцячага сада-базавай школы, неаднаразовую пераможцу раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.


4 кастрычніка ў Мінску ў гатэлі “Crown Plaza” адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу “Адкрыты ўрок”, які праводзіла рэдакцыя “Настаўніцкай газеты”. На мерапрыемства была запрошана і настаўніца геаграфіі і біялогіі Мальскага НПК Алена Канстанцінаўна Касцюк.
Рэспубліканскі конкурс праходзіў у чатырох намінацыях: вызначалі лепшы ўрок па прадметах гуманітарнага, фізіка-матэматычнага і прыродазнаўчага накірункаў і лепшы ўрок ці факультатыўны занятак па замежнай мове. Сёлета на конкурс была даслана вялікая колькасць распрацовак – 540 урокаў настаўнікаў з розных куткоў Беларусі змагаліся за званне лепшых. І толькі 12 сталі пераможцамі.
У намінацыі “Лепшы ўрок прыродазнаўчага накірунку”, у якім якраз і ўдзельнічала распрацоўка Алены Канстанцінаўны, разглядалася 78 работ. Першапачаткова журы адабрала 7 урокаў, з якіх пазней засталося толькі 3, якія і сталі пераможцамі. У лік гэтых трох работ увайшоў урок геаграфіі ў 6 класе на тэму “Паверхневыя воды. Рака і яе часткі” Алены Канстанцінаўны Касцюк.
Пазней з 12 пераможцаў конкурсу ў чатырох намінацыях выбралі двух, сярод якіх апынулася і настаўніца Мальскага дзіцячага сада-базавай школы. І ў выніку Алена Канстанцінаўна стала ўладальнікам Гран-пры сёмага конкурсу метадычных распрацовак педагагічных работнікаў Рэспублікі Беларусь “Адкрыты ўрок”.
Калектыў Мальскага дзіцячага сада-базавай школы віншуе Алену Канстанцінаўну з заслужанай перамогай, жадае ёй творчых поспехаў, бадзёрага настрою, моцнага здароўя і вялікага натхнення.
Так трымаць, Алена Канстанцінаўна!


-----------------------------------------
Калектыў Мальскага НПК.