Максим учится слушать пение птиц

3

Напэўна, шматлікіх жыхароў Астравеччыны, якія напачатку года шчыра адгукнуліся на бяду астравецкага хлопчыка Максіма Савельева і ўсе разам, дружна збіралі грошы на набыццё дорагакаштуючага імпартнага апарата для таго, каб вярнуць дзіцяці слых, цікавіць: як жа цяпер справы ў хлапчука, як яго здароўе?



Хочам падзяліцца радаснымі навінамі з усімі неабыякавымі людзьмі, якія прынялі самы непасрэдны ўдзел у лёсе Максіма: апарат, на які збіралі грошы, яшчэ вясной быў куплены ў Германіі і дастаўлены ў Беларусь. Затым хлопчыку зрабілі вельмі складаную аперацыю – прайшла яна паспяхова. Наступным этапам вяртання Максіма да паўнацэннага жыцця стала ўключэнне ў работу гэтага апарата.
Цяпер ідзе працэс адаптацыі дзіцяці і яго рэабілітацыі. Бо, як расказала мама Максіма, усё гэта не так проста. З-за праблем са слыхам, якія ў хлопчыка ўзніклі з ранняга дзяцінства, ён проста не ведае, не разумее многіх гукаў, якія звычайным людзям здаюцца натуральнымі. І той жа спеў птушак Максіму трэба не проста пачуць, а зразумець, што гэта – спеў птушак. Як і шум машыны, і мяўканне ката, і школьны званок… Дапамагчы яму ўсе гэтыя гукі зрабіць сваімі, зразумелымі, роднымі дзіцяці дапамагаюць вопытныя ўрачы і дэфектолагі. Хлопчык і яго мама Алена, мініяцюрная маладая жанчына, сіле духу якой могуць пазайздросціць і самыя дужыя мужчыны, вучацца жыць у новым вымярэнні. Дакладней – пераходзяць з таго асобнага вымярэння, у якім да гэтага знаходзіўся Максім, у звычайнае, дзе жывуць усе дзеці і дарослыя.
А нядаўна Максім адзначыў свой першы сур’ёзны юбілей: напярэдадні 1 верасня яму споўнілася 10 гадоў. З гэтай падзеяй хлопчыка павіншавала раённае аддзяленне Белаграпрамбанка, падарыўшы дзіцячы варыянт “Чырвонай кнігі Беларусі”, і прэзідыум раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, які прымаў самы непасрэдны ўдзел у арганізацыі збору сродкаў для лячэння Максіма.
І самым галоўным пажаданнем для Максіма было – здароўе. А для яго мужнай мамы – цярпенне і вытрымка.


Ніна РЫБІК.