Лютуе люты...
адукацыя...
У сераду, калі тэмпература паветра апусцілася ніжэй 25 градусаў марозу, многія бацькі не пусцілі сваіх дзяцей у школу.
Каб высветліць, якая сітуацыя ў другой палове тыдня ў сувязі з марозамі склалася ў школах і дзіцячых садках раёна, мы звярнуліся да начальніка аддзела адукацыі Віктара Віктаравіча Млечкі.
– Для нас цяпер галоўнае – не дапусціць ніякіх аварыйных сітуацый. Пакуль што сітуацыя ва ўсіх установах адукацыі стабільная. Як і напачатку тыдня, дзяцей у садкі і школы падвозяць транспартам, які ходзіць згодна з графікам руху. Ні ў сераду, ні ў чацвер ніякіх праблем з гэтым не ўзнікала.
З чацвярга рашэннем Астравецкага райвыканкама адменены заняткі для вучняў 1-4 класаў. Вучні сярэдніх і старэйшых класаў працягваюць вучыцца, хаця, калі ў чацвер тэмпература паветра з раніцы апусцілася да мінус 30 градусаў, па жаданні бацькоў у школах раёна адсутнічала больш паловы дзяцей. Пакуль што заняткі ў сярэдніх і старэйшых класах адмяняцца не будуць, таму незапланаваныя канікулы будуць толькі ў вучняў пачатковых класаў – яны прыступяць да вучобы, калі тэмпература падымецца вышэй 25 градусаў марозу.
транспарт...
У моцныя маразы склалася складаная сітуацыя з транспартнымі перавозкамі. Аб гэтым нам паведаміў начальнік аддзела перавозак аўтамабільнага парка №4 Іосіф Сцяпанавіч Базюк:
– У вобласці наша сітуацыя не самая складаная. Тым не менш наступленне моцных халадоў паўплывала на работу транспарту. У сераду замерз аўтобус у Завідзінентах – мы выклікалі рэзервовы. Не выйшаў аўтобус з Кямелішак, у дарозе замерз аўтобус з Жарнэляў. У чацвер не выйшаў у рэйс аўтобус на Дайлідкі. Дзякуй пасажырам, што яны з разуменнем адносяцца да ўзнікшых праблем – і пакуль што скаргаў з боку насельніцтва не ўзнікала. Хацелася б звярнуцца да жыхароў раёна з просьбай пацярпець нязручнасці яшчэ некалькі дзён, пакуль маразы не спадуць. Мы ж робім усё магчымае, каб стабілізаваць сітуацыю.
паліва...
Усяго толькі з мінулай суботы стаяць моцныя маразы, а здаецца, што трымаюцца яны ці не месяц. У чацвер надвор’е пабіла чарговы тэмпературны рэкорд – мінус 30 градусаў. Сіноптыкі асцярожна абяцаюць адноснае пацяпленне толькі на наступным тыдні. Але да яго яшчэ трэба дажыць – і пажадана не замерзнуць.
У каго зараз сапраўды гарачыя дзянькі, дык гэта, напэўна, у работнікаў паліўнай галіны?
—На дзіва, – не! – аптымістычна запэўнілі нас у Астравецкім філіяле прадпрыемства “Гроднааблпаліва”. – Ажыятажу не назіраецца. Працуем у штатным рэжыме.
— Няўжо і брыкет ёсць?
— Ёсць. Праўда, адпускаецца ён па спісах сельвыканкамаў. Таму з сабой трэба мець даведку на атрыманне паліва. Зразумела, гэта тычыцца толькі тых, хто жадае атрымаць торфабрыкет па датацыйным кошце. На сённяшні дзень ён складае 105 тысяч рублёў за адну тону. Па свабоднай цане паліва можна купіць без ніякіх даведак.
Такса маёсць у наяўнасці і дровы.
— Што, нават калі сёння прыехаць, можна вярнуцца дадому з палівам?
— Сёння (размова адбывалася ў чацвер) у нас няспраўная машына. Аднак, калі вы прыедзеце сваім транспартам, то ніякіх перашкод не ўзнікне.
служба 101...
Гэты марозны тыдзень аказаўся неспакойным і для выратавальнікаў.
27 студзеня ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення Астравецкага РАНС паступіла паведамленне, што ў вёсцы Лукавыя гарыць жылы дом. У выніку пажару знішчаны дах, абрушылася перакрыцце, пашкоджаны сцены.
Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём. У доме не было падключана электрычнае асвятленне, і жыхар вырашыў выкарыстаць для асвятлення газавую лямпу. Запаліў яе, лёг пачытаць і заснуў. Калі прачнуўся, пакой ужо быў запоўнены дымам і гарэла сцяна. Уласнымі сіламі патушыць пажар не ўдалося – на дапамогу прыйшлі выратавальнікі.
31 студзеня загарэўся жылы дом у вёсцы Гіры. 72-гадовая пенсіянерка на працягу дня выпаліла тры печкі і вырашыла адпачыць. Прылегла на матрац, які быў пасцелены на “рускай печы”. Праз дзве гадзіны яна адчула пах дыму. Дыміўся матрац. Бабуля паліла яго вадой і пайшла на вуліцу за наступнай порцыяй вады. Калі вярнулася, матрац быў ахоплены полымем. За дапамогай бабуля пабегла да суседзяў, якія і выклікалі выратавальнікаў.
Прычынай пажару стала парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення – у печы была трэшчына.
служба 102...
Амаль штодзень сродкі масавай інфармацыі паведамляюць аб дарожна-транспартных здарэннях, якія рэгіструюцца на аўтадарогах краіны. Як мароз паўплываў на аварыйную сітуацыю на дарогах нашага раёна, расказвае начальнік Дзяржаўтаінспекцыі Астравецкага РАУС Уладзімір Іванавіч Александровіч.
–У сувязі з моцным марозам інтэнсіўнасць руху на нашых аўтадарогах зменшылася. На шчасце, буйных аварый з загінуўшымі і пацярпеўшымі не было, аднак дробныя ўсё роўна адбываюцца. Напрыклад, нядаўна ў Астраўцы жанчына-вадзіцель не справілася з кіраваннем і пашкодзіла агароджу. Дарога зараз слізкая, і таму трэба быць вельмі ўважлівым.
Грамадзяне па-рознаму саграюцца ў час халадоў, у тым ліку і з дапамогай спіртных напояў. А пасля сядаюць за руль. Так, 1 лютага каля Бялькішак астраўчанін не справіўся з кіраваннем аўтамабіля і з’ехаў у кювет. Як пасля высветлілася, ён быў нецвярозым. На шчасце, на гэты раз абышлося без ахвяр.
У сувязі з гэтым хочацца яшчэ раз папярэдзіць усіх удзельнікаў дарожнага руху – будзьце ўважлівымі і асцярожнымі на дарогах.