Любоў да Радзімы праз песні дэманстравала моладзь Астравеччыны
Штогадовае музычнае спаборніцтва праходзіла ў дзвюх намінацыях, у першай удзельнічалі салісты-вакалісты ад 14 да 17 гадоў, у другой – ад 18 да 31.
Але распачалося мерапрыемства з пазаконкурснага нумара жаночага квартэта, які выканаў папулярную кампазіцыю “Любімую не аддаюць” – і такім чынам стварыў святочную атмасферу і адпаведны настрой.

І паліліся песні… Розныя па танальнасці і эмацыянальнасці, але аб’яднаныя патрыятычным сэнсам. Яны адгукаліся ў сэрцах слухачоў і выклікалі самыя розныя адчуванні: адны прымушалі ўсміхацца, ад іншых наварочваліся слёзы, а трэція праціналі да дрыжыкаў.
Першымі выступалі ўдзельнікі малодшай узроставай катэгорыі. Звонкагалосая Валерыя Дарашкевіч з СШ №3 чулліва праспявала “Васільковае неба”, а Даніла Турчын з гэтай жа школы пад гітару па-майстэрску выканаў твор “Вайна” з рэпертуара Віктара Цоя. Дарэчы, парадавала, што, у адрозненне ад мінулага года, сёлета вакал і артыстызм на конкурсе дэманстравалі і хлопцы.

Гудагайскую СШ таксама прадстаўляла два салісты, якія прадсталі ў супрацьлеглых вобразах: Ангеліна Мажэліс парадавала пазітыўнай кампазіцыяй “Зямля з блакітнымі вачыма”, а Валерыя Шлыковіч, наадварот, перадала трагічнасць лёсу праз песню “Месяц май”.
Далей – болей. Немагчыма было застацца раўнадушным да “Сокала” ў выкананні Ульяны Гарадзецкай з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, “Маёй Беларусі” ад Вікторыі Іванцэвіч з Кямелішкаўскай СШ і “Захадаў пунсовых” ад Евы Шадуры з СШ №1.

Пасля эстафету выступленняў перанялі старэйшыя канкурсанты. Іх нумары вылучаліся большым артыстызмам. Напрыклад, Аляксандра Кадашава з Гудагайскай СШ вельмі пранікнёна спявала-заклікала “Вяртайся дадому”. Вераніка Анімуцкая з СШ №3 не выконвала, а пражывала песню “Куточак Беларусі”, настолькі эмацыйным было яе выступленне. Максім Андрэеў з Беларускай АЭС годна прадставіў вядомы хіт “Хата бацькоў”. Чуллівымі былі таксама выступленні Джульеты Станкевіч (Астравецкі саўгас “Падольскі”) з песняй “Захады пунсовыя”, Крысціны Мілешкі (дзіцячы садок №3) – “Двума арламі”, Анастасіі Інаровіч (Рытанская БШ) – “Балада пра фарбы”, Лізаветы Смаляковай і Дар’і Абаевай (гімназія №1) – “Беларусь – гэта мы” і Алены Ерох (дзіцячы садок №4) – “Неба”.

Але асаблівы напал эмоцый, дрыжыкі па скуры і буру апладысментаў выклікала Юлія Бурачонак з райЦГЭ, якая пранікнёна выканала песню “Бессмяротны полк”, і Мікіта Аврэйцэвіч з в/ч 7434, які, акампануючы сабе гітарай, настолькі душэўна спяваў пра “Радзіму”, што ў зале стаяла мёртвая цішыня, а пасля грымнулі авацыі.

У выніку вайсковец атрымаў Гран-пры конкурсу. У намінацыі “Саліст-вакаліст 14-17 гадоў” 1-е месца заняла Валерыя Дарашкевіч, на 2-м – Ева Шадура, а 3-е падзялілі Ульяна Гарадзецкая і Даніла Турчын.

У старэйшай катэгорыі 1-е месца заваявала Юлія Бурачонак, 2-е – Алена Ерох і Вераніка Анімуцкая, 3-е – Анастасія Інаровіч.
