Лясгас правёў акцыю "Наш чысты лес"

2

У суботу, 23 кастрычніка, Астравецкі лясгас праводзіў экалагічную акцыю “Наш чысты лес”, галоўнай мэтай якой было – звярнуць увагу грамадства на захаванне чысціні і парадку ў лесе. На расчыстку яго ад захламленасці бытавым і будаўнічым смеццем выйшлі работнікі лясгаса і ўсіх лясніцтваў, іншых працоўных калектываў, школьнікі, актывісты БРСМ і пенсіянеры.


У час уборкі лесу вакол населеных пунктаў жадаючым было дазволена нарыхтаваць сабе дроў на зіму з рэшткаў высечак і сухастою за сімвалічную цану – ад 150 да 500 рублёў за кубічны метр.
Як паведаміў намеснік дырэктара дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Астравецкі лясгас” па ідэалагічнай рабоце П.З. Крупенчык, вострай праблемай для леснікоў з’яўляюцца несанкцыянаваныя звалкі ў лясах. На адным з такіх самавольных сметнікаў пад Альгінянамі трактарыст Аляксей Ляшчэўскі на “Амкадоры” разраўніваў гару бытавога смецця і ссоўваў яе ў кар’ер, а яго памочнікі ставілі загародку, каб прадухіліць доступ парушальнікам. Дарэчы, тут жа, ад’язджаючы, мы на лясной дарозе затрымалі аднаго з іх. Чалавек на самаробным трактары вёз поўны вазок бытавых адходаў на месца толькі што ліквідаванай звалкі.


У гэты дзень наша выязная брыгада пабывала і на іншых аб’ектах. Фотакамера зафіксавала дзевяцікласнікаў гімназіі №1, якія разам са старшым лесніком Н.С. Вярбовічам праводзілі суботнік у зоне адпачынку на Янаўскім вадасховішчы. А вучні Мальскай базавай школы (на здымку) наводзілі парадак у прыдарожнай паласе за Дайлідкамі, пад кіраўніцтвам ляснічага А.М. Гайсы, памочніка ляснічага В.Т. Кранкоўскага і педагога-арганізатара М.В. Урбановіч. Прадстаўнікі адміністрацыі і жаночы персанал лясгаса свой фронт работ акрэслілі абочынай дарогі Астравец – Гудагай і Ліпкі – Лоша.


Іван ПЕТРЫК.