Лучшему участковому Островецкого района вручили ключи от нового служебного автомобиля

Падвесці вынікі работы за год, прааналізаваць, што атрымалася, а над чым яшчэ трэба папрацаваць, вызначыць і ўзнагародзіць лепшых супрацоўнікаў, паставіць новыя задачы на наступны год – гэтыя і іншыя пытанні вырашаліся на справаздачным пасяджэнні супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў.

Акрамя асабовага саставу міліцыі, на пасяджэнні прысутнічалі старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Канстанцін Станіслававіч Пянткоўскі, начальнік аддзела міграцыі Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС РБ Віталій Мікалаевіч Наумчык, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню УУС Валерый Вячаслававіч Філіпчык, пракурор Астравецкага раёна Аляксандр Іосіфавіч Марцінчык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч.
Адкрылася пасяджэнне выступленнем Адама Дзмітрыевіча Кавалькі. Ён адзначыў, што мінулы год для супрацоўнікаў міліцыі не быў простым. Будаўніцтва на тэрыторыі нашага раёна Беларускай АЭС, прыезд у сувязі з гэтым у Астравец некалькі тысяч рабочых – усё гэта патрабавала напружанай работы ахоўнікаў правапарадку. Тым не менш, год прайшоў нармальна, і Адам Дзмітрыевіч выказаў спадзяванне, што і надалей абстаноўка ў раёне будзе спакойнай. Старшыня райвыканкама шчыра падзякаваў усім супрацоўнікам міліцыі за старанную і добрасумленную працу. Асаблівую ўвагу ён удзяліў участковым інспектарам – людзям, якія найбольш цесна ўзаемадзейнічаюць з насельніцтвам. А добрую і шчырую працу, як вядома, трэба заахвочваць і адзначаць. Па выніках мінулага года лепшым участковым інспектарам Астравецкага раёна быў прызнаны ўчастковы Варнянскага сельскага Савета Дзяніс Анатольевіч Іканопала. Пад дружныя апладысменты калег Адам Дзмітрыевіч уручыў яму ключы ад новага службовага аўтамабіля.
Са станам аператыўнай сітуацыі ў раёне за мінулы год пазнаёміў прысутных начальнік аддзела ўнутраных спраў Уладзімір Іванавіч Квач. У параўнанні з 2012 годам, хоць і не нашмат, але павялічылася агульная колькасць злачынстваў, з 204 да 213. З удзелам іншагародніх грамадзян за мінулы год здзейснена 25 злачынстваў. Яшчэ 18 жыхароў іншых рэгіёнаў праходзілі па матэрыялах крымінальных спраў у якасці пацярпеўшых.
За гэты перыяд зарэгістравана 90 злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, што на 20 менш, чым у 2012 годзе. З іх цяжкіх і асабліва цяжкіх – 11 (-3). На жаль, было зарэгістравана і адно забойства.
Не зарэгістравана ў 2013 годзе на тэрыторыі раёна вымагальніцтва і хуліганства. Знізілася з 5 да 2 фактаў колькасць наўмысных нанясенняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, ашуканстваў – з 2 да 1, злачынстваў з удзелам непаўналетніх – з 14 да 4, угонаў транспарту – з 5 да 3, крадзяжоў – з 74 да 64, а раскрываемасць іх узрасла на 1,7 працэнта. Знізілася колькасць злачынстваў, здзейсненых у нецвярозым стане з 57 да 49.
На пастаянным кантролі знаходзілася работа па дэалкагалізацыі насельніцтва. Аднак за мінулы год выяўлены 41 (-19) факт незаконнага абароту спіртаўтрымліваючай вадкасці. Канфіскаваны 158,2 літра самагону (-153), знішчана 11 самагонных апаратаў (-16), выяўлена і знішчана 8165 літраў самагоннай брагі (у 2012 – 11925).
Стабілізавалася ў мінулым годзе і абстаноўка з аварыйнасцю на дарогах. З 18 да 14 у параўнанні з 2012 годам знізілася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, з 6 да 4 – колькасць загінуўшых у іх грамадзян.
У сваім выступленні Уладзімір Іванавіч акцэнтаваў увагу на цесным і плённым узаемадзеянні з органамі мясцовай улады. Любая праблема, паднятая на ўзроўні райвыканкама, знаходзіць рашэнне. У 2012 годзе было выдзелена службовае жыллё ўчастковым інспектарам А.В. Васільчыку і Д.А. Іканопале на тэрыторыях, якія яны абслугоўваюць. Сельгаскааператывамі выдзяляецца паліва. Такім чынам ствараюцца ўсе ўмовы для нармальнай працы супрацоўнікаў РАУС.
Закончылася пасяджэнне на ўрачыстай ноце – узнагароджваннем лепшых супрацоўнікаў. Граматай начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджаны начальнік ізалятара часовага ўтрымання М.М. Родзь. Падзяка начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама аб’яўлена супрацоўніку крымінальнага вышуку Р.І. Врублеўскаму. Па выніках работы Астравецкага РАУС дыпломы лепшых па прафесіі атрымалі М.М. Родзь, В.С. Бабраўніцкі, Г.А. Драб, І.Я. Тарасава, С.У. Родзь, Д.А. Іканопала, А.В. Буцько, Л.В. Янэцкая, Я.А. Ківачынская, В.І. Спірыдон, А.Ф. Плаўскі.


---------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.