Лучше в армии служить

Трэба ці не служыць у арміі, прэстыжна гэта ці не вельмі – меркаванні наконт гэтага можна ўмоўна падзяліць на тры групы. Да першай адносяцца тыя, хто па-ранейшаму лічыць, што служба ў арміі дадае гонару сапраўднаму мужчыну. У другую трапляюць тыя, хто асабліва не мараць аб службе, але лічаць, што ад гэтага нікуды не дзенешся. Тыя, хто належаць да трэцяй групы, катэгарычна, усялякімі спосабамі імкнуцца ад арміі “адкасіць”.

Канешне, кожны мае права на свой пункт гледжання. Аднак ніводзін годны да службы ў арміі юнак не мае права праігнараваць павестку ў ваенкамат. Інакш умешваецца закон, а гора-прызыўніку за гэта сур’ёзна расплаціцца.
Такая непрыемная справа адбылася з жыхаром Астравецкага раёна. Юнак быў абавязаны з’явіцца па павестцы ў ваенкамат 10 красавіка мінулага года для праходжання медыцынскага агляду для прызыву на службу. Аднак, не маючы на тое ўважлівых прычын, прызыўнік на камісію не з’явіўся і гэтым самым парушыў закон.
Падчас судовага пасяджэння юнак сваю віну поўнасцю прызнаў. Улічваючы гэты факт, а таксама станоўчую характарыстыку прызыўніка, суд назначыў яму пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 100 базавых велічынь (13 мільёнаў рублёў).
Вельмі хацелася б, каб гэтая справа паслужыла ўрокам для ўсіх прызыўнікоў, якія спадзяюцца “адкасіць” ад службы ва ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь. Паверце, статус ваеннаслужачага ўпрыгожвае маладога чалавека нашмат больш, чым прыцягненне да крымінальнай адказнасці.


-------------------------------------------------------------
Анастасія ЮРКОЙЦЬ, памочнік пракурора Астравецкага раёна.