Лепшыя на “Вытоках” – міхалішкаўцы

Міхалішкаўскія школьнікі, паспяхова пераадолеўшы рэгіянальныя этапы, перамаглі ў фінале алімпійскага КВІЗу “Вытокі”.
Як рыхтаваліся да конкурсу, ці адрознівалася сёлетняя гульня ад папярэдніх, які вынік паказалі – расказалі ўдзельнікі і іх трэнер.
Выхаванцы Мікалая Трафімчыка на падобным спаборніцтве не навічкі: удзельнічалі трэці раз. Першы блін аказаўся комам, па выніках другой гульні трапілі ў рэспубліканскую тройку прызёраў, а сёлета ў турнірнай табліцы занялі верхні радок.

– Самым складаным быў першы вопыт, бо мы толкам не разумелі, па якім прынцыпе фарміраваць каманду. Сабралі зборную, куды ўвайшлі лепшыя спартсмены раёна. А ўпор трэба было рабіць на інтэлектуальны складнік, дзе патрабавалася дастаткова глыбокае веданне гісторыі развіцця Алімпійскіх гульняў, – тлумачыць трэнер. – Вырашылі сфарміраваць каманду з вучняў адной школы – так прасцей рыхтаваць дзяцей.
У выніку на “Вытоках” прадстаўляць і раён, і Гродзеншчыну сталі міхалішкаўцы. Мікалай адзначае, што складу каманды не мяняе – ігракі вопытныя і разумеюць адзін аднаго з паўслова.

-- Нашы “ўзялі” з 25-ці максімальных 19. Былі такія пытанні, адказы на якія нават я не ведаў, -- дзеліцца настаўнік. – Для трэнераў была адзведзена асобная зона, адкуль маглі назіраць за гульнёй. Як адказвалі мае выхаванцы, вызначаў па іх рэакцыі: вочы гараць, толькі прагучала пытанне, а ўжо пішуць – значыць, адказ ведаюць; сядзяць насы звесіўшы – зразумела, што міма. (Усміхаецца.)
Капітан каманды Яўген Трафімчык гаворыць, што перамагчы дапамагло тое, што рыхтуюцца не першы год – шмат чаго за гэты час спазналі, да таго ж “хатнімі заданнямі” ўдзельнікі не грэбуюць: штудзіруюць кнігі, сочаць за інфармацыяй у інтэрнэце.
– Хто шукае, той заўсёды знойдзе, Сёлета заданні былі складаней за мінулагоднія. Найбольш цяжка ішоў блок “Спорт і культура”. А самае, бадай, цяжкае пытанне: у якім відзе спорту не ўдзельнічаюць жанчыны – здавалася, яны ўсюды. Аказалася, што ў грэка-рымскай барацьбе не выступаюць, – усміхаецца юнак. – Як заўсёды, мы мелі магчымасць пагутарыць і зрабіць здымак на памяць з нашымі алімпійцамі. Я сфатаграфаваўся з Наталляй Цылінскай, прызёрам Алімпійскіх гульняў па веласпорце, і Сяргеем Макаранкам, першым алімпійскім чэмпіёнам БССР у грэблі на байдарках і каноэ.

– А яшчэ мы наведалі музей Алімпійскага гонару, дзе размешчаны фота і асабістыя рэчы спартсменаў, – дзеліцца ігрок міхалішкаўскай каманды Лізавета Вінсла. – Пакуль журы падводзіла вынікі, прайшоў конкурс капітанаў – каманды толькі і маглі, што падтрымліваць маральна сваіх лідараў. За нашага Жэню мы не перажывалі, бо ведалі, што ведае ён шмат! А калі аб’явілі вынікі КВІЗу і тое, што мы першыя, у думцы прамільгнула: ну нарэшце! Рада, што годна прадставілі і вобласць, і нашу родную Астравеччыну, і любімыя Міхалішкі.
Фота з архіва Я. Трафімчыка і сайта НАК.
