Лісічкі просяць дапамогі

Пачаўся сезон збору і нарыхтоўкі грыбоў і ягад. І амаль адразу на тэлефон “гарачай лініі” Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету сталі паступаць званкі. У грамадзян, якія тэлефанавалі, была адна просьба: “Спыніце “беспредел” і навядзіце парадак пры зборы лісічак. Збіраюць, а дакладней, зграбаюць усё падрад”.


Як паведаміў Уладзімір Марчанка, начальнік Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, спецыялісты інспекцыі арганізавалі і правялі рэйды па лясных угоддзях. Вынікі з’явіліся адразу ж – за некалькі дзён было складзена больш за 10 пратаколаў. Парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У “Правілах нарыхтоўкі драўнінных сокаў, збору, нарыхтоўкі або закупу дзікарастучых раслін і іх частак” у артыкуле 27 напісана: “Забараняецца збор грыбоў лісічак з памерам шапачкі менш за 1,5 сантыметра ў дыяметры”.
У артыкуле 28 правіл гаворыцца, што забараняецца пры зборы ягад прымяняць розныя прыстасаванні (шуфлікі, грабяні і т.п.).
За парушэнне гэтых пунктаў правіл, у адпаведнасці з артыкулам 15.26 часткі ІІ Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ, прадугледжаны штраф у памеры да 20 базавых велічынь (700 000 рублёў).