Кямелішкі, Падольцы, Барані: кветкі памяці і словы ўдзячнасці
Аўтакалона з прадстаўнікоў воінскіх часцей, грамадскіх арганізацый, моладзі на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама Іванам Карнілам рушыла да помнікаў загінулым у гады вайны землякам у Рытанскі сельскі Савет.



На месцы расстрэлу вязняў кямелішкаўскага гета сабраліся вучні мясцовай школы, кіраўнікі РУП “Саўгас “Падольскі”, мясцовыя жыхары. Старшыня Рытанскага сельскага Савета, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Рыгор Цэйка расказаў пра трагедыю, якая адбылася тут у гады вайны. Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць тых, хто стаў ахвярай фашысцкага генацыду. Да помніка ляглі кветкі – сотні пунсовых пялёсткаў на чорным граніце, нібы кропелькі крыві мірных жыхароў, жыццё якіх абарвала на ўзлёце фашысцкая куля.
…Жыхары Падольцаў з цікавасцю назіралі за аўтакалонай са сцягамі, што спынілася ля помніка. Зразумеўшы, што акцыя прысвечана Дню Перамогі, многія далучаліся да ўдзельнікаў мітынгу.
– Падзякуем нашым дзедам і прадзедам за шчасце жыць у мірным свеце, – на гэтую прапанову Рыгора Цэйкі прысутныя адказалі морам кветак да помніка і хвілінай маўчання.

…Жыхарка Бараняў Яніна Ілюк расказала пра падзеі, якія адбываліся ў вёсцы ў гады вайны. Яе бацька Вітольд Веська, рызыкуючы сваімі дзецьмі, хаваў у хаце за падвойнай сцяной яўрэйскую сям’ю. Пазней яны пакінулі дом Веськаў і загінулі. Адзіная, хто ўратаваўся з фашысцкага пекла, Марыям, ужо ў сталым узросце прыехала з Ізраіля ў Беларусь, каб падзякаваць сваім выратавальнікам і ўстанавіць помнік на магіле расстраляных на ўскрайку вёскі невядомых ёй яўрэяў. І тут у памяць пра бязвінных ахвяр – хвіліна маўчання, кветкі, вянкі, трапяткія агеньчыкі свечак.

– Пакуль мы будзем помніць вайну –мы будзем жыць, і датуль будзе жыць наша краіна, -- гэтыя словы аднаго з вучняў Кямелішскай школы сталі лейтматывам не толькі гэтага аўтапрабегу, а ўсяго нашага жыцця.
