Квітней, мой край!
Школа – гэта не толькі і не столькі будынак, а яшчэ і прылеглая да яе тэрыторыя. Сёння на большасці прышкольных участках пануюць творчасць, прыгажосць і чысціня. А гэта яшчэ і падстава, каб вынесці зробленае рукамі настаўнікаў і дзяцей на суд журы.
Штогод упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама праводзіць конкурс комплекснага добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый устаноў адукацыі. Сёлета абласны і раённы конкурсы праходзяць па наступных намінацыях: “Комплекснае добраўпарадкаванне і азеляненне прылеглай тэрыторыі і тэрыторыі задняга плану ўстаноў адукацыі”, “Зялёны інтэр’ер”, “Камяністы сад”, “Міксбордзер”.
Падчас аб’езду і прыёмкі школ і садкоў да новага навучальнага года было бачна, што педагогі і дзеці не гублялі час марна – вынікі іх працы ўвасобіліся ў маляўнічых узорах кветкавых кампазіцый, у азеляненні ўчасткаў і вадаёмах, створаных на іх.
Паўдзельнічаць у раённым конкурсе вырашылі 25 устаноў адукацыі – школы, дзіцячыя сады і цэнтр пазашкольнай работы. Па выніках справаздач, якія ўстановы адукацыі прадставілі ў аргкамітэт, журы вырашыла, што найбольш значная работа па добраўпарадкаванню і азеляненню прылеглай тэрыторыі праведзена ў Гервяцкай, Альхоўскай, Дайлідскай школах, гімназіі №1, СШ №1, Мальскім НПК, ДЦРД №1, Страчскім і Гервяцкім дзіцячых садах. Астравецкі цэнтр пазашкольнай работы вызначыўся агульным эстэтычным выглядам, сучасным афармленнем кабінетаў, вестыбюля, інфармацыйных стэндаў.
У выніку сярод дашкольных устаноў лідзіраваў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1, сярод агульнаадукацыйных устаноў на першым месцы апынулася Гервяцкая школа, на другім – гімназія №1. Трэцяе месца падзялілі СШ №1 і Мальскі НПК. У лік пераможцаў трапіў і Астравецкі цэнтр пазашкольнай работы. Справаздачы гэтых устаноў накіраваны для ўдзелу ў абласным конкурсе, а калектывы ўстаноў адукацыі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі і каштоўнымі падарункамі.
Агляд-конкурс будзе мець прадаўжэнне і ў наступным годзе. Цяпер калектывы ўстаноў працуюць над распрацоўкай новых праектаў па добраўпарадкаванні, каб вясной увасобіць іх у жыццё.
А работы цяперашніх удзельнікаў прадстаўлены на выставе, якая працуе ў цэнтры пазашкольнай работы.
НА ЗДЫМКУ: на тэрыторыі ДЦРД № 1 у г.п. Астравец.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.