Купайся правильно!
З чым асацыіруецца лета? Сонца, водпуск, адпачынак, пляж… А таксама купанне і водныя працэдуры. Якія, акрамя асалоды і задавальнення, утойваюць у сабе і небяспеку. На жаль, у параўнанні з мінулым годам сёлета адзначаецца істотнае павелічэнне колькасці патануўшых людзей. З пачатку года на рэках, азёрах, вадаёмах Беларусі загінулі ўжо 133 чалавекі, з якіх 8 – непаўналетніх.
На шчасце, у Астравецкім раёне няшчасных выпадкаў на вадзе пакуль не зарэгістравана. Аднак лета толькі пачынаецца. Пагэтаму хочацца нагадаць усім аб неабходнасці выконваць правілы паводзін на вадзе:
- купацца пажадацца ў спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах, дзе ёсць выратавальныя станцыі;
- перад купаннем трэба адпачыць, разгарачаным уваходзіць у ваду не дазваляецца;
- пасля ўжывання ежы дазваляецца купацца не раней, чым праз гадзіну і не больш 10-15 хвілін;
- падчас купання не даводзьце сваё цела да дрыжыкаў – доўгае знаходжанне ў вадзе можа выклікаць сутаргі, а гэта небяспечна для жыцця;
- не заплывайце далёка ад берага, вы можаце не разлічыць свае сілы і трапіць у бяду;
- калі падчас купання вы выпадкова глытнулі вады, трэба спыніцца, падняць галаву як можна вышэй і добра адкашляцца;
- трапіўшы ў моцнае цячэнне, не плывіце супраць яго, а выкарыстайце, каб наблізіцца да берагу;
- трапіўшы ў вір, не палохайцеся, а набярыце больш паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок убок па цячэнню, усплывайце на паверхню.
Не забывайце таксама, што знаходзіцца на пляжах у нецвярозым стане небяспечна для вашага жыцця. Сумная статыстыка сведчыць, што 70-90 працэнтаў патануўшых былі выпіўшымі. Пасля распіцця спіртных напояў чалавек неадэкватна ацэньвае свае магчымасці, што і прыводзіць у выніку да трагедыі.
Асобна хочацца нагадаць усім бацькам, бабулям, дзядулям, што пакідаць дзяцей без нагляду каля вады строга забараняецца.
А. КАРДАШ,
старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавальнікаў на вадзе.
