Купалаўскі тэатр прадставіў у Астраўцы спектакль «Двор майго дзяцінства»
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў астравецкаму гледачу спектакль «Двор майго дзяцінства». Пастаноўка адбылася ў межах рэспубліканскага праекта «Культурная карта».
Увогуле спектакль прысвечаны гораду Мінску, але гэта ніколькі не перашкодзіла кожнаму прысутнаму ў глядацкай зале апынуцца ў сваім дзяцінстве, у двары, дзе вырас, паглыбіцца ў цёплыя ўспаміны і атрымаць адначасова асалоду і хваляванне ад «сустрэчы» з тым сабой і сябрамі.
Разам з галоўным героем Васем Вясёлкіным астраўчане гарталі старонкі яго дзённіка і пражывалі яркія, цікавыя, смешныя, павучальныя, горкія моманты. Вось хлопчык, які заўсёды рабіў добрыя ўчынкі, расказвае, як пракалоў колы «ровара» суседу, – і навошта ён гэта зрабіў, не ведае. Вось гледачы знаёмяцца з яго дваровымі сябрамі: хто чым захапляецца, хто каму падабаецца, а хто каго і чаго баіцца. Вось і дарослыя жыхары – у кожнага свае гісторыя, характары і адметныя рысы.
Там, у дзяцінстве, усё мае асаблівасці, нават надвор’е ў розныя поры года пахне па-свойму. Там па-іншаму бачыцца будучыня: сёння хлопчыкі і дзяўчынкі ўяўляюць сябе доктарам ці балярынай, заўтра – прадаўцом ці будаўніком паркаў, паслязаўтра – машыністам… Там з дзіцячай непасрэднасцю агучваюцца і асэнсоўваюцца дарослыя паняцці, сярод якіх – мара.
Вася расце – і з часам змяняюцца яго погляды на жыццё і ўспрыманне падзей, людзей, фактаў, навакольнага асяроддзя. Тое, што раней здавалася простым, дзіўным, вялікім, недасягальным, цяпер падаецца цяжкім, неразумным, маленькім, штодзённым. Але не ўсё так дрэнна! Ёсць і светлыя моманты: сяброўства галоўнага героя з дзяўчынкай Машкай пераўтвараецца ў першае каханне – цікава назіраць, як разгортваюцца адносіны падлеткаў, як спасцігаюцца пачуцці.
Дзеянне спектакля не абмяжоўваецца толькі дваром. Тут і школьнае жыццё, і знаёмства з іншымі раёнамі Мінска, і ўвогуле прыгоды Васі Вясёлкіна, які, напрыклад, забыўся ў хаце грошы на жэтон на метро і на спрэчку з працаўніком метрапалітэна з’еў кавалак крэйды, каб толькі не вяртацца за грашыма.
Арыгінальным рэжысёр зрабіў фінал пастаноўкі, надаўшы яму інтэрактыўнасці: героі прапануюць гледачам заплюшчыць вочы і перанесціся ў двор свайго дзяцінства.
Так і мы ва ўспамінах вяртаемся туды, дзе нас чакае шмат гісторый, падобных да тых, пра якія расказаў Вася Вясёлкін.
