Кто заботится о безопасности и спокойствии граждан


Калі спытаць, хто адказвае за бяспеку грамадзян, пачуеш відавочнае: супрацоўнікі органаў унутраных спраў. А калі ўдакладніць, хто забяспечвае спакой і правапарадак на вуліцах горада, узнікне асацыяцыя менавіта з патрульна-паставой службай міліцыі

І гэта сапраўды так. Напэўна, усе бачылі вечарам шпацыруючых па горадзе двух ці трох маладых людзей у форме. Толькі далёка не ўсе ведаюць, што для бяспекі і спакою астраўчан гэтыя хлопцы выконваюць куды больш абавязкаў, чым можа падацца. 

– Задач у нас сапраўды шмат і ўсе аб’ядноўваюцца ў адну галоўную – грамадскую бяспеку, – пацвердзіў камандзір ППСМ Дзмітрый Суравец. – Дзяжурым у тры змены. У выхадныя – абавязковае начное патруляванне. Ды і наогул, большасць часу працуем у цёмны час сутак. У пятніцу і суботу асаблівы кантроль ля забаўляльных устаноў. Ля дзвюх, якія карыстаюцца асаблівай папулярнасцю і дзе, як правіла, нярэдка ўзнікаюць рознага віду правапарушэнні, у выхадныя пастаянна дзяжурыць патруль. І часцей за ўсё «сумаваць» хлопцам не даводзіцца.


Аднак, як паведаміў Дзмітрый, служба займаецца не толькі бяспекай на вуліцах горада: удзельнічаюць у комплексных адпрацоўках сельсаветаў, займаюцца пошукам і вышукам людзей, штотыдзень правяраюць прытоны, што знаходзяцца на ўліку міліцыі, сочаць, каб на аўтобусных прыпынках, у адміністрацыйных будынках, іншых аб’ектах не з’яўляліся экстрэмісцкія ці абражваючыя надпісы і выявы, першымі выязджаюць на месцы масавых беспарадкаў, у складзе канвоя суправаджаюць асуджаных… І гэты спіс абавязкаў можна працягваць доўга. 

– Карацей кажучы, аказваем садзейнічанне ўсім службам міліцыі, – адзначыў камандзір аддзялення. – Дарэчы, нямногія ведаюць, што цяпер мы патрулюем і цягнікі рэгіянальных ліній. Там правяраем пакінутыя ці падазроныя прадметы, сочым за правапарадкам. Таксама супрацоўнікі ППСМ могуць прыцягнуць да адказнасці людзей, якія ў цёмны час ідуць без флікера. Ужо 2 гады ў нас ёсць такія паўнамоцтвы, а грамадзяне да гэтага часу абураюцца, маўляў, не маеце права. І не задумваюцца, што, папярэджваючы іх пра святлоадбівальныя элементы, мы клапоцімся ў першую чаргу пра іх жа бяспеку.

Займаюцца хлопцы і прафілактычнай работай. Напрыклад, раздаюць прахожым лістоўкі пра віртуальных махляроў – інфармацыя актуальная для любога ўзросту. Ды і наогул, патруль рэагуе на любую просьбу аб дапамозе, бо іх галоўная задача – грамадская бяспека і правапарадак. 

Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Мацкевич