Кто им поможет?
В глаза собачьи загляни,
Там столько доброты и ласки,
А так же – боли и любви,
И преданности, и опаски.
Они с надеждой смотрят в мир,
В наш мир, такой несправедливый.
И человек для них – кумир,
И хвостик вертится игриво.
Вернее друга в жизни нет,
Пусть он породою не блещет,
В глазах собачьих тёплый свет,
Он, душу согревая, лечит.
Игорь ТУРШЕВ
Прызнаюся шчыра: сітуацыя, якую збіраюся апісаць, адназначна бачыцца мне невырашальнай. Для чаго тады паперу дарма пэцкаць ці шматпакутны камп’ютар “грузіць”? Не ведаю. Проста хочацца, каб хоць хтосьці задумаўся. А можа, і рашэнне падказаў. Мая знаёмая і яе дачка – вельмі жаласлівыя жанчыны. Шкадуюць выкінутых на вуліцу сабак ды кошак, падкормліваюць, чым могуць – хлебам, размочаным у малацэ, недаедзеным супам ці спецыяльна зваранай аўсянкай. Жывуць на ўскраіне горада, паблізу вытворчай базы будаўнічай арганізацыі. Двара як такога перад кватэрай няма, таму абяздоленыя жывёліны падыходзяць проста да ганка, дзе знаходзяць свой абед. Каты – хітрэйшыя ды шустрэйшыя, стараюцца прашмыгнуць у цёплую веранду: можа гаспадыні не выганяць, дазволяць пераначаваць... Сярод няпрошаных гасцей – дзве сучкі-дварняжкі невядомага паходжання. Аднойчы пасля чарговых сабачых “вяселляў” атабарыліся яны на прасторнай тэрыторыі вытворчай базы, знайшлі патаемныя месцейкі для начлегу ды гадоўлі сваіх вывадкаў. Знаходзіліся “добраахвотнікі” з работнікаў базы, прапаноўвалі “спарадкаваць” нованароджаны прыплод, але знайсці сабачую схованку нікому не ўдавалася. Напачатку гэтай восені адна з “мамачак” прывяла на пракорм аж чатырнаццаць шчанят. Не ўсіх адразу – баялася, відаць, хітруха, напужаць сваю карміцельку. “Божухна, чым жа я вас накармлю?! – схапілася за галаву гаспадыня. – І куды падзену?” З кармёжкай памаглі супрацоўнікі, а вось шукаць шчанюкам гаспадароў давялося жанчынам самім. Дачка дала аб’яву ў раённую газету. Самых сімпатычных сабачанят неўзабаве забралі, з астатнімі давялося павалаводзіцца. Часта тэлефонныя суразмоўцы цікавіліся пародай шчанят і, пачуўшы: “Беспародныя”, адразу адключаліся. Іншых хвалявала, наколькі сабачкі злосныя, ці змогуць сцерагчы дом і не пускаць у двор непажаданых візіцёраў. Добрыя і ласкавыя чатырохногія сябры такім гаспадарам былі непатрэбныя... Нарэшце ўсіх малых прыстроілі. Але ўздыхнуць з палёгкай мае знаёмкі не паспелі: знікла з поля зроку другая дварняжка. Значыць, неўзабаве трэба чакаць і яе з дзеткамі. “Калі зноў чатырнаццаць, інфаркту мне не мінуць,” – бядуе старэйшая гаспадыня, а малодшая, успомніўшы нядаўнія тэлефонныя турботы, толькі ўздыхае. “Чаму ў нашым горадзе ніхто не хоча займацца бадзялымі жывёлінамі?” – задавала рытарычнае пытанне знаёмая. – Куды я толькі ні званіла, спрабуючы вырашыць лёс гэтых дзвюх сабачых мамак... У камунгасе адказалі, што няма грошай на адлоў і знішчэнне безнаглядных сабак і катоў”. Падобна, прычына не толькі ў грашах – каму ахвота трапляць пад шквал абурэння і праклёны ўладальнікаў бобікаў або барсікаў, выпадкова трапіўшых пад “расстрэл”? Дык дзе выйсце? Я не ведаю, таму і распісваюся ва ўласнай бездапаможнасці. Да стварэння прытулкаў для “братоў нашых меншых” па ўзоры амерыканскіх ці еўрапейскіх мы элементарна не дараслі свядомасцю. На Захадзе такія прытулкі існуюць на дабрачынныя ахвяраванні грашавітых абывацеляў, у нас жа і багацеяў куды менш, і далёка не заўсёды яны праяўляюць шчодрасць нават у дапамозе абяздоленым людзям... А галоўнае – там жывёлы ахоўваюцца ад чалавечай жорсткасці і абыякавасці законам, які прынята паважаць. І вось яшчэ аб чым падумалася. Калі б у нашай ветэрынарнай лячэбніцы аказвалі такую паслугу, як стэрылізацыя і кастрацыя сабак і катоў, многія ўтрымальнікі паклапаціліся б праапераваць сваіх гадаванцаў. Глядзіш, і праблема сабачых “вяселляў” з іх дзікімі гонкамі зменшыла б вастрыню. Карацей кажучы, утварылася замкнёнае кола з адных толькі пажаданняў...
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.

