Кто хочет стать милиционером?
Калі вы хочаце змагацца з парушальнікамі закона, абараняць спакой і бяспеку грамадзян – словам, працаваць у органах унутраных спраў, але не ведаеце, што рабіць і куды звяртацца, тады гэта інфармацыя будзе карыснай для вас. Бо спецыяльна для такой катэгорыі маладых людзей на пытанні, звязаныя з паступленнем і працай у міліцыі сёння адказвае часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Астравецкага РАУС Вадзім Мар’янавіч Савіцкі.
– Што параіце зрабіць, каб у міліцыі служыць?
– Перш за ўсё звярнуцца да нас – у аддзел групы кадраў раённага аддзела ўнутраных спраў. І ўжо тут мы разгледзім
усе варыянты, падкажам і дапаможам.
– Да вас могуць звярнуцца ўсе жадаючыя?
– Не зусім. Гэта могуць зрабіць маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, якія адслужылі ў арміі і маюць сярэднюю, сярэдне-спецыяльную ці вышэйшую адукацыю. Таксама прымаюцца на службу юнакі, якія не служылі, але закончылі сярэдне-спецыяльную ці вышэйшую ўстанову. І яшчэ адно патрабаванне: каб у іх мінулым не было ніякіх адміністрацыйных ці крымінальных правапарушэнняў.
– Для якіх пасад не патрабуецца вышэйшая адукацыя?
– Для пасад малодшага начальніцкага саставу – напрыклад, у ізалятар часовага ўтрымання, аператыўна-дзяжурную службу, на вадзіцеля прымаюцца маладыя людзі без вышэйшай адукацыі. А вось каб заняць афіцэрскую пасаду сярэдняга начальніцкага саставу трэба вышэйшая адукацыя – хоць таксама не на ўсе спецыяльнасці. Улічваецца толькі юрыдычная, эканамічная і педагагічная адукацыя. Пасля трэба будзе прайсці спецыяльную падрыхтоўку, якая цягнецца ад трох да чатырох месяцаў (у залежнасці ад адукацыі) у Навучальным Цэнтры МУС у Мінску. А затым ужо на працягу прыкладна шасці месяцаў праходзіць “баявое хрышчэнне” ў патрульна-паставой службе.
– У якую вышэйшую ўстанову лепш паступаць тым, хто хоча стаць сапраўдным прафесіяналам?
– Самы распаўсюджаны і прэстыжны варыянт – Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, туды могуць паступаць як маладыя людзі, так і дзяўчаты. Для гэтага трэба да 15 красавіка звярнуцца да нас, каб напісаць заяву для афармлення асабістай справы. А пасля ўжо мы больш падрабязна раскажам, што трэба рабіць далей.
Уступныя іспыты ў Акадэмію праходзяць у форме цэнтралізаванага тэсціравання: па беларускай (рускай) мове, матэматыцы, грамадазнаўству. На працягу чатырох гадоў тут рыхтуюць будучых афіцэраў з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй за кошт бюджэту на факультэтах міліцыі, следча-экспертным, крымінальна-выканаўчым і іншых. Курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні і пасля вучобы прыходзяць на службу ў міліцыю са званнем лейтэнанта міліцыі.
– А дзе яшчэ можа атрымаць спецыяльную адукацыю будучы міліцыянер?
– Магу параіць Магілёўскі вышэйшы каледж МУС. Умовы паступлення – такія ж, як і ў Акадэмію. Праўда, дзяўчат туды не прымаюць. А вось маладыя людзі могуць падаваць дакументы да 1 мая.
А яшчэ звяртаем увагу, што зараз выпускнікі, якія не прайшлі па конкурсе ў Акадэмію МУС, але па сваіх маральных і фізічных якасцях падыходзяць для службы ў міліцыі, могуць быць прыняты ў патрульна-паставую службу.
Такім чынам, калі вы маладыя, энергічныя, мужныя і жадаеце служыць у органах унутраных спраў – звяртайцеся ў групу кадраў Астравецкага РАУС.
----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота з сайта mmm-team.info.