Ксенія Грэйць вярнулася на родную Астравеччыну працаваць лагапедам


Кожны год Астравеччына сустракае маладых спецыя­лістаў з нецярпеннем і цікавасцю. Бо яны прыходзяць у арганізацыі і на прадпрыемствы раёна з жаданнем паказаць, чаму навучыліся; з надзеяй, што ім давераць адказны ўчастак работы, і прымуць у калектыў як сваіх…  А чаго яны чакалі ад Астраўца; якімі былі думкі, калі накіроўваліся да першага рабочага месца; хто сустракаў і чым дапамог… Аб гэтым і не толькі мы запыталі ў маладых спецыялістаў розных сфер Астравеччыны.

Будучую прафесію Ксенія Грэйць выбірала па парадзе маці, якая амаль усё жыццё адпрацавала ў дзіцячым садку. Ды і сама дзяўчына падчас вучобы ў старэйшых класах не раз падпрацоўвала памочнікам выхавацеля – ёй гэта падабалася.

Пасля заканчэння Міхалішкаўскай школы Ксенія вырашыла звязаць будучае жыццё з педагогікай. Накірунак выбрала лагапедычны – і паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

– Яшчэ калі вучылася ў школе, настаў­нікі прапаноўвалі паступаць па мэтавым накіраванні – прыслухалася да іх меркавання. У выніку без асаблівых пера­жыванняў і праблем стала студэнткай, – усміхаецца Ксенія.

Дзяўчына ведала, што адпрацоўваць давядзецца 5 гадоў – і маральна была да гэтага гатова. Праўда, калі надышла пара вяртацца на радзіму, – крыху засумавала: вялікі горад вабіў застацца.

– Аднак на Астравеччыну ехала з лёгкім сэрцам. За апошнія гады наш горад змяніўся, папрыгажэў, тут з’явілася шмат новых сацыяльных аб’ектаў, – гаворыць малады педагог.

Дзяўчыну размеркавалі ў Мальскі дзіцячы сад – і яе гэта цалкам задаволіла.

– У родную школу вяртацца не хацела, думала застацца ў Астраўцы. Зрэшты, так і атрымалася – Малі амаль што горад, – разважае Ксенія. –

Спадабалася мне і ў садку. Ужо з першай сустрэчы з загадчыкам і педагогамі ўбачыла, што калектыў добразычлівы і творчы, працаваць будзе лёгка і цікава.

Уразіў маладога спецыяліста і кабінет – прасторны, напоўнены ўсім неабходным абсталяваннем і дыдактычным матэрыялам.

– У першы працоўны дзень пазнаёмілася з вы­хаванцамі – вельмі ціка­выя і адкрытыя. І занялася кабінетам – хочацца ўсё зрабіць так, каб дзецям і мне было тут утульна і камфортна, – гаворыць педагог.

У прафесію Ксенія робіць толькі першыя крокі, хаця на практыцы ўжо даводзілася працаваць з малышамі. Тым не менш, сёння яна знаходзіцца на вельмі важным этапе свайго жыцця – і ёй хочацца, каб ён прайшоў добра.

Текст: Елена Ярошевич
Фото: из архива героини