Корреспондент "Астравецкай праўды" участвовал в рейде по социально неблагополучным семьям

Некалькі гадоў назад, калі я толькі пачынала працаваць, мяне па рэдакцыйным заданні адправілі з камісіяй па справах непаўналетніх у рэйд па сацыяльна небяспечных сем’ях. Канешне, я ведала пра такую катэгорыю насельніцтва, але асабліва не ўнікала ў падрабязнасці і асаблівасці іх жыцця. Не думала і пра тое, як і чым жывуць у падобных сем’ях дзеці. Ды і наогул, для мяне тады ўсё было вельмі проста: увесь свет дзяліўся на “добра” і “дрэнна”. І гэтыя сем’і, вядома ж, адносіліся да другой катэгорыі…


Прайшло некалькі гадоў, былі іншыя рэйды, камандзіроўкі, матэрыялы – але і сёння я добра памятаю першую паездку і свае ўражанні: шок, здзіўленне, страх, агіда, неразуменне і пастаяннае пытанне ў думках: “Як так можна жыць?!” Я не памятаю назвы вёсак, дзе мы былі, і прозвішчы сем’яў, але не забуду брудныя анучы замест пасцельнай бялізны, востры, да ванітаў у горле, смурод перагару і дымавую заслону ад цыгарэт. А яшчэ ніколі не забуду дзяўчынку гадоў сямі-васьмі, якая моўчкі стаяла на вуліцы, пакуль члены камісіі размаўлялі з яе выпіўшай маці. Яе вялізныя, большыя на некалькі памераў, стаптаныя чаравікі, такое ж не па памеру адзенне і вялікія, дзікавата-наіўныя і ў той жа час не па ўзросту дарослыя, спалоханыя і сумныя вочы. І ледзь чутны шэпт: “Не забірайце мяне ад мамы”…

Сёлета я таксама напрасілася да намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Тэрэсы Мар’янаўны Драган у падобны рэйд. Толькі зараз я ўжо загадзя старалася маральна падрыхтавацца да рознага. Разам з намі ў рэйд паехаў інспектар групы прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Хвасько і педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Астравецкага раёна Эдзіта Масевіч.

Першы прыпынак. Звычайная вясковая хата. Без еўрарамонту, крутых “наваротаў” і шыкоўнай бытавой тэхнікі, але ўсярэдзіне – прыбраная і акуратная. Насустрач выбягаюць і гаспадары – дзяўчынка-падлетак і яе малодшы брацік. Пакуль дзяўчынка бойка расказвае камісіі, што мама пакуль на працы, якія прадукты харчавання ў іх ёсць і як ідуць справы ў школе, я падсажваюся да маўклівага хлопчыка і спрабую з ім пагаварыць. Саша ахвотна расказвае, што вучыцца ў другім класе, іх коціка завуць Ліза, яшчэ ў іх ёсць сабачка, прыгожую цацку-робата яму купіла мама, а тата апошні час не п’е… На сцяне на бачным месцы вісяць дзве граматы: першую атрымала маці за добрыя вынікі на рабоце, другую – хлопчык за добрасумленную вучобу. Побач – дзіцячая карціна: творчасць Сашы. Калі я пытаю, хто там намаляваны, хлопчык з гонарам і пяшчотай адказвае: “Гэта мая мама!”

Пакуль мы едзем да чарговай сям’і, Тэрэса Мар’янаўна расказвае, што становішча ў гэтай сям’і змянілася да лепшага: камісію не чакалі, а ў хаце прыбрана, ёсць прадукты харчавання, бацькі на працы – гэта ўжо нямала.

А вось у наступным доме нас сустрэлі замкнёныя дзверы. Ніхто не рэагаваў і на стук.


– Ды там жа дзіцё адно! – ускліквае, паглядзеўшы ў акно, Эдзіта. – І яно сядзіць амаль на краі ложка! Яму ж толькі крыху больш годзіка!


Праз некаторы час вяртаецца ад суседзяў гаспадыня. Колькі яна там была – невядома. Заходзім у пакой: абшарпаная падлога, рэшткі дзіцячай сумесі на непрыбранай паліцы, зашмальцаванае сядзенне хадункоў… І маленькая дзяўчынка на ложку – як праменьчык сонейка ў гушчары: усмешлівая, наіўная і безабаронная. Побач – яе нецвярозая мама, якая, бачна, не так даўно дасягнула паўналецця. Крытычная сітуацыя: пакідаць малую з такой маці нельга.

Не хачу і не буду пераказваць лаянку, слёзы і пагрозы маладой нецвярозай жанчыны. Як і ўгаворы, довады і перакананні членаў камісіі. Я глядзела на прыгожую маленькую дзяўчынку, якая вялікімі здзіўленымі вочкамі пазірала на нас і, на шчасце, нічога не разумела – пакуль не разумела! – і даўкі камяк падступіў да горла. Вось ён – сэнс жыцця і найвялікшая каштоўнасць. Ведаю людзей, якія мараць аб шчасці бацькоўства, праходзяць розныя працэдуры і выпрабаванні і, нягледзячы на няўдачы, не адчайваюцца і спадзяюцца, што такі праменьчык шчасця з’явіцца ў іх сям’і. Я бачыла бацькоў, у якіх дзеці не могуць хадзіць, у якіх дрэнны слых ці зрок, якім пастаўлены страшны дыягназ… І тым не менш у гэтых сем'ях – любімыя і патрэбныя дзеці.

А тут перада мной сядзела маладая маці, трымала на каленях здаровую жыццярадасную дачку – і сваімі паводзінамі ставіла яе жыццё пад пагрозу. Хоць і паўтарала як заведзеная: “Я нікому яе не аддам!” Аддала… І нават не паехала разам…

Далей мы ехалі амаль моўчкі. Кожны думаў аб сваім, хоць, напэўна, аб адным і тым жа…

У наступным доме гаспадыня сустрэла нас на парозе. На прысядзібным участку кінуўся ў вочы чысты агарод. Парадавала і абстаноўка ў хаце. Пакуль камісія размаўляла з жанчынай, я зноў убачыла дзіцячы малюнак на сцяне, дакладней, два: на адным – сцяг Беларусі, а вось хто быў намалёваны на другім, я здагадалася не адразу.


– Ды гэта сын мой намаляваў, – растлумачыла гаспадыня. – Ён жа “фанацее” ад “нашай Дашы”…


Сапраўды, на белым аркушы паперы з дзіцячай непасрэднасцю была намалявана легенда беларускага біятлона, трохразовая Алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава. Аўтар малюнка сціпла ўсміхаўся, а затым усё ж прызнаўся, што вельмі любіць глядзець біятлон і футбол. А яшчэ – гуляць у камп’ютар. А вось на лыжах ён зімой не катаецца, бо іх у яго няма…

– Ну што, а зараз едзем у “шанхай”? – удакладняе далейшы маршрут вадзіцель, які, падобна, даўно ведае патрэбныя адрасы. Так званы “шанхай” – не лепшага выгляду двухпавярховы будынак, які даўно патрабуе рамонту. Падымаемся на другі паверх і… Літаральна перад самым носам Тэрэсы Мар’янаўны дзверы зачыніліся, шчоўкнуў замок. Такі “гасцінны” прыём члены камісіі не чакалі. Настойлівыя просьбы адчыніць не прынеслі выніку.

Астатнія некалькі сем’яў былі нечым падобныя між сабой. Звычайныя дамы і кватэры, амаль у кожным – новы тэлевізар (паўплываў пераход на лічбавае тэлебачанне) і камп’ютар. Санітарны стан – не ідэальны, але і не катастрафічны. Дзеці яшчэ не вярнуліся са шко- лы або гулялі на вуліцы. Не лічачы некалькіх заўваг, умовы жыцця і становішча сем’яў – здавальняючыя. Хочацца спадзявацца, што такія тут падтрымліваюцца кожны дзень.

У апошняй сям’і, якую мы наведалі, знешне таксама было ўсё ў норме. Мяне ж зацікавіла, як маці з гонарам расказвала пра сына, які вельмі любіць спорт, удзельнічае ў розных спаборніцтвах і займае прызавыя месцы. А Тэрэса Мар’янаўна пасля расказала, што сапраўды ў гэтай сям’і расце здольны хлопец, які добра вучыцца, займаецца спортам і хоча паступіць ва ўніверсітэт. І вельмі спадзяецца, што ў яго хопіць цярпення і старання ажыццявіць задуманае.

Як ні дзіўна, але ад гэтага рэйду ў мяне засталося больш станоўчых эмоцый. Можа, таму, што выдатна памятаю свой першы рэйд і мне ёсць з чым параўнаць? Пасля той паездкі і дзяўчынкі з дзікавата-сумнымі вачыма я зразумела, што свет не дзеліцца толькі на “добра” і “дрэнна”. І большасць з нас жывуць пасярэдзіне. А існаванне сацыяльна небяспечных сем’яў нагадвае хістанне над безданню: адзін недакладны крок – і паляціш у нябыт... І падштурхнуць да гэтага непапраўнага кроку можа такая, здавалася б, бяскрыўдная, спакуслівая шклянка гарэлкі. Вельмі спадзяюся, што настане час, калі не трэба будзе абараняць дзяцей ад іх жа бацькоў. Бо я і зараз чую той ціхі шэпт: “Не забірайце мяне ад мамы…”

Марына МАЦКЕВІЧ