Корреспондент "АП" встретился с главным Дедом Морозом Беларуси
Хто самы галоўны ў Новы год? Канешне, Дзед Мароз! У гэта вераць і дзеці, і дарослыя з вялікім задавальненнем, весялосцю і шчырай радасцю. Няхай жа эксклюзіўнае інтэрв'ю з галоўным Дзедам Марозам Беларусі, які, як вядома, жыве ў Белавежскай пушчы, стане для нашых чытачоў не толькі магчымасцю бліжэй пазнаёміцца з ім, але і добрым святочным падарункам.– Для Дзядулі Мароза зараз гарачая пара. А калі ён адпачывае і чым у гэты час займаецца?
– Работы ў мяне шмат круглы год, і ніхто не пытае, адпачываю я ці не. Я абавязкова сустракаю дарагіх гасцей, якія да нас прыязджалі ўжо з 95 краін свету. Таму адпачываць часу няма. Я чакаю вас заўсёды.
– Лічыцца, што самы напружаны час у Дзеда Мароза – навагоднія святы. Ці так гэта?
– Безумоўна, у зімовы час людзей у нас значна болей – і дзяцей, і дарослых. Але і летам расслабляцца не прыходзіцца, хоць не ўсе ведаюць, што беларускі Дзед Мароз вітае сваіх гасцей у любую пару года. Бывае, і ў трыццаціградусную спёку не перадыхнеш. Еўрапейцы не выбіраюць час, каб наведаць нашы мясціны, – яны проста збіраюцца і едуць. А вось браты-славяне, якія ведаюць, што такое снежная зіма і як у нас тут прыгожа ў гэты час, часцей прыязджаюць у пару “белых мух”.
– Ці ёсць у Дзеда Мароза сям'я?
–Так. Гэта мая жонка Матухна Зіма, тры дачкі – Сцюжа, Мяцеліца і Завея, унучка Снягурка.
– Хто дапамагае вам тварыць цуды?
– Па-першае, мая сям'я, якая, праўда, прыязджае ў мой маёнтак толькі ў пачатку снежня. А таксама мае служкі – вартаўнікі варот і чароўныя звяры і птушкі, якіх шмат у нашым лесе, – зайцы, вавёркі, каты і нават малпы і пеўні…
– Ад чаго залежыць колер шубы беларускага Дзядулі?
– Традыцыйна зімой я апранаю шыкоўную чырвоную шубу – інакш і быць не павінна. Сінія, белыя альбо шэрыя шубы – гэта даніна модзе. Толькі чырвоная вопратка вельмі цёплая, таму часам мне даводзіцца мяняць яе на больш лёгкую – у залежнасці ад пары года. Зараз я дэманструю вам асенне-вясенняе ўбранне. Але, каб выйсці сустракаць гасцей, абавязкова пераапрануся.
– Іншыя Дзеды Марозы – гэта шарлатаны, вашы родзічы або сябры?
– Калегі. У кожнай краіне свой гаспадар зімы: у Расіі, як і ў нас, Дзед Мароз, у Амерыцы – Санта Клаўс, у Фінляндыі – Ёўлупуккі, а ў Афрыцы – Дзядуля Спёка… Але ўсе мы робім адну справу: дорым людзям радасць, надзею і здзяйсняем мары.
– Дзед Мароз, як вядома, выконвае любыя жаданні і ўсім дорыць падарункі. А пра які падарунак марыць сам Дзед Мароз?
– Падарункі я атрымліваю кожны дзень. Вунь колькі вакол мяне іх сабралася – больш як сто! І гэта толькі за некалькі дзён! А самы лепшы падарунак для мяне – сустрэча з вамі, мае дарагія сябры.
– Хто дапамагае вам разбіраць пошту?
– Нават у чараўніка не хапае сілы, каб прачытаць усе пісьмы, таму што яны ідуць штодня цэлымі мяхамі. Мне дапамагае мая сям'я, і часцей за ўсіх Снягурка. А калі і яны не спраўляюцца – на “падхваце” лясныя жыхары…
– Успомніце пісьмо або жаданне, якое было вельмі цяжка выканаць.
– Усе пісьмы асабістыя і важныя, змест кожнага ты прапускаеш праз свае думкі і сэрца. Нават мне, чараўніку, неверагодна складана зрабіць так, каб у сям'ю вярнуўся тата або каб ён не піў гарэлкі і не біў маму. Часта і дарослыя просяць дапамогі. Тады Дзядуля Мароз здымае тэлефонную трубку і звоніць ва ўсе куточкі Беларусі. Так, у мінулым годзе да нас звярнуліся бацькі малога з дзіцячым цэрэбральным паралічом. Яны прасілі дапамагчы ўладкаваць хлопчыка на заняткі ў дэльфінарый – урачы рэкамендавалі яму такое лячэнне. Давялося пасадзейнічаць. Потым бацькі шчыра дзякавалі: 12 сеансаў дэльфінатэрапіі, якія прайшоў хлопчык, яму вельмі дапамаглі.
– Што беларускі Дзядуля Мароз пажадае жыхарам Астравеччыны напярэдадні Новага года?
– Перш-наперш жадаю жыць у міры і шчасці, каб кожны дзень прыносіў радасць. Памятайце, што само па сабе нічога не зробіцца – трэба для гэтага прыкласці пэўныя намаганні. Верце ў цуды, адкрыйце свае сэрцы дабрыні, радасці і прыгажосці. Няхай вашы думкі будуць светлымі і чыстымі, а надзеі і мары здзяйсняюцца.
Парады Дзеда Мароза
*Верце ў цуды – і ўсё абавязкова атрымаецца.
*Любоў і дабро – галоўнае, што ёсць у свеце.
* Святая справа – клапаціцца пра сваіх бацькоў так, як яны клапаціліся пра цябе.
Вольга ХАЦЯНОВІЧ.
