Конкурс для пенсионеров "Ветеранское подворье" проводится в Островецком районе
Многія ветэраны працы лічаць, што з выхадам на заслужаны адпачынак жыццё толькі пачынаецца, бо нарэшце можна заняцца тым, аб чым марыў усё жыццё, але на што не хапала часу. Некаторыя з іх ператвараюць свае дамы і сядзібы ў сапраўдныя аазісы прыгажосці і камфорту.
Менавіта для такіх – новы конкурс, які арганізоўвае цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва. У ім будуць прымаць удзел дамы і падвор’і людзей, якія ўжо знаходзяцца на пенсіі – тыя, што з’яўляюцца ўзорам сапраўдных гаспадароў, якія старанна вядуць хатнюю гаспадарку.
Вынікі конкурсу будуць падведзены да Дня пажылых людзей у некалькіх намінацыях – “Дом з вялікай літары”, “Умелыя ручкі”, “Майстар-самадзелкін”, “Міні-Версаль”, “Мамін кветнік”, “Падвор’е – дзяржаве падмога”. У кожнай намінацыі будзе вызначацца пераможца, які атрымае дыплом і прэмію ў памеры трох базавых велічынь, усе ўдзельнікі конкурсу таксама будуць адзначаны заахвочвальнымі прызамі.
Колькасць удзельнікаў не абмежавана. Так што, шаноўныя ветэраны, падавайце свае заявы на ўдзел у сельскія Саветы ці цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва – у вас ёсць шанс стаць адным з пераможцаў конкурсу.
Ніна АЛЯКСЕЕВА.