Колькі навагодніх дрэў набылі астраўчане
Навагоднія і калядныя святы немагчыма ўявіць без галоўнага атрыбута – елкі. У спецыялістаў Астравецкага вопытнага лясгаса карэспандэнт “раёнкі” пацікавіўся, колькі дрэў набылі гараджане і вяскоўцы.
Па звестках прэс-службы Міністэрства лясной гаспадаркі лясгасы краіны сёлета ўстанавілі рэкорд па рэалізацыі навагодніх дрэў: звыш 145 тысяч колкіх навагодніх прыгажунь на святы стаялі ў кватэрах і дамах беларусаў. Найбольшую колькасць елак і сосен рэалізавалі ў Гродзенскай вобласці.
Па словах начальніка аддзела прамысловай вытворчасці Дзмітрыя Мекіна, напрыканцы 2023 года ў Астравецкім раёне прададзена 1 144 дрэва, для параўнання: пазалетась – 1 259. Найбольш навагодніх дрэў набылі гараджане.
Як паведаміў спецыяліст, засталося няшмат нерэалізаваных елак, але ніводная з іх не змарнавалася: дрэвы выкарысталі ў якасці падкормкі для вальерных жывёл.
Навагодняе ноу-хау ад лясгаса – вянкі, кампазіцыі з жывых хвойных галінак – прыйшлося даспадобы астраўчанам. Рэалізавана 65 навагодніх букетаў, 155 кампазіцый на падстаўцы і 30 вянкоў. Гэтая ідэя і яе ўвасабленне ў жыццё належыць начальніку лесагадавальніка Таццяне Андрушойць.
– Маю прапанову адразу падтрымаў дырэктар Рыгор Долгі. Тым больш што ад елак, прадугледжаных для рэалізацыі, засталося шмат галінак, – расказала спецыяліст. – Найбольш працаёмкі этап стварэння кампазіцый – гэта падрыхтоўка патрэбных матэрыялаў. А працэс іх зборкі, наадварот, захоплівае і прыносіць задавальненне. Ужо зараз выношваю ідэі пра стварэнне навагодніх кампазіцый да наступнага свята. Будуць не толькі монабукеты, але і з галінкамі сасны, ядлоўца.




