Когда начинают посадочный сезон жители Островетчины, выяснял репортёр
Ці надышоў час распачынаць агародны сезон, што і калі садзяць на прысядзібных участках жыхары Астравеччыны – пра гэта карэспандэнт «АП» цікавіўся ў жыхароў раёна.
Уладзіслава Анімуцкая, аг. Малі:
– Адна справа – жаданне зрабіць, а другая – ці ёсць магчымасць такая. Я пра тое, што дні стаялі цёплыя, ды гэта не значыць, што зямля гатова да апрацоўкі. У нас участак з ухілам, дык можна корпацца, а вось у суседа нізіна – куды ж у макроцце лезці.
Мы Першамай адсвяткавалі працай – агародам займаліся. Для градак яшчэ было ранавата, а вось бульбу абавязкова хацелі пасадзіць. Яе не прарошчваем, дастаткова, каб дзень на сонцы паляжала, падзелянела – і можна ў баразну. Парнік чакае свайго часу: памідоры, перцы – гэта абавязкова. Агуркі пад «дужкі» пойдуць. Як крыху калівы падцягнуцца, то потым і не накрываю іх.
Ірына Казюлевіч (без фота), аг. Малі:
– Глебу пад грады дзеці дапамагаюць рыхтаваць. Старэйшы сын трактарчык мае, то праблем няма ўзараць зямлю. У парніку буду садзіць памідорчыкі, можа, каліваў 40; 30 – перчыкаў. Насенне на рассаду сваё рыхтую, а вось астатняе купляю.
На градках будуць, як і штогод, бурачкі, морква, фасоля, кабачкі, салата, капуста, агуркі, бульбы некалькі баразён… Не ганюся, каб за майскія святы ўсё прыпарадкаваць. Хочацца, канешне, зрабіць раней, але калі не ўдасца, нічога страшнага, як атрымаецца, так і добра, – паспее вырасці. (Усміхаецца.)
Эдуард Юркойць і Віталь Жукоўскі, в. Філіпаны:
– Хоць жыву адзін, але агарод заўсёды парадкую – сам. Трактар ёсць, таму ўзараць зямлю не праблема. Парнічок маю для памідораў, пакуль і там не браўся нічога рабіць. Рассаду звычайна купляю на рынку, – далучаецца Віталь. – На лета саджу цыбульку, морквачку, бурачкі, агуркі, бульбу… Калі зямелька ёсць, нашто ж у магазіне купляць тое, што можна ў сябе вырасціць!
