Когда "санитар" становится "серийным убийцей"

8

Воўк – санітар лесу, які (сам не ведаючы) змагаецца з распаўсюджваннем хвароб сярод лясных жыхароў. Але яго колькасць трэба кантраляваць, інакш санітар можа перарасці ў “серыйнага забойцу” – ад калектыўных клыкоў ваўчынай зграі не ўратавацца ні хутканогай касулі, ні нават узброенаму галінастымі рагамі аленю. Для паляўнічых воўк адносіцца да так званага непажаданага віду звяроў, для адстрэлу якіх не патрэбна пуцёўка таварыства – дастаткова законнага (з пуцёўкай на іншага звера і ў суправаджэнні егера) знаходжання на паляванні. Здабыча ж ваўка для паляўнічага, як “карычневы” пояс для каратыста, азначае: падрыхтоўчы перыяд завершаны – ты на парозе майстэрства.


У сярэднім у год члены раённага аддзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў здабывалі 3-4 ваўкі. А сёлета на іх рахунку ўжо восем драпежнікаў: Гервяцкая паляўнічая дача – 2 ваўкі, Спондаўская – 3, Падольская – 2, Варнянская – 1. – Штогод ва ўгоддзях, якія арэндуем, мы праводзім улік звера, – гаворыць старшыня раённага аддзялення БТПР Іван Іванавіч Мушніцкі. – Колькасць ваўкоў на нашай тэрыторыі мінімальная. Сёлетні ўсплеск, думаю, звязаны з яго міграцыяй з Нарачанскага запаведніка і з Літвы, дзе паляванне на ваўка забаронена. У краінах Еўрасаюза да ваўка ставяцца як да санітара лесу, самавольны адстрэл якога караецца вельмі строга. Мы ж лічым, што ад ваўка, які знішчае не столькі хворую жывёлу, колькі яе маладняк, больш шкоды, чым карысці – дай яму волю, і пагалоўе траваядных лясных жыхароў рэзка пакаціцца ўніз. Таму мы не толькі дазваляем паляванне на ваўка, але і стараемся заахвоціць паляўнічых.







Павел Станіслававіч УРБАНОВІЧ, член Гервяцкага паляўнічага таварыства – паляўнічы, які нядаўна здабыў свайго першага ваўка. З гэтай нагоды і адбылася наша кароткая размова.

– Павел, раскажыце, як гэта адбылося? – Увогуле выпадкова. Мы палявалі на кабана метадам, які ў нас называецца “з падходу” – пільнавалі яго на кукурузным полі, куды дзікі прыходзяць на кармёжку. Калі на пэўным этапе стала чутна, што нехта рухаецца на полі, я быў упэўнены, што гэта кабан. І ўбачыўшы шэрага драпежніка, у першы момант ад нечаканасці нават зніякавеў. Але хутка саўладаў з эмоцыямі і “дастаў” ваўка прыкладна з адлегласці 160 метраў. – І якія адчуванні постфактум? – Перш за ўсё – адрэналін, за які мы і любім паляванне. А ўжо потым радасць ад паспяховага стрэлу. – Воўк – не кабан, ім дзяліцца з таварышамі па паляванні не трэба. А гэта значыць – трафей вы прывезлі дадому. Якой была рэакцыя вашай сям’і? – Жонка здзівілася, а сыны яшчэ занадта маленькія, каб іх рэакцыя была адэкватнай. Малодшы, якому толькі годзік, паставіўся да ваўка без асаблівага інтарэсу, а старэйшаму, якому шосты год, давялося тлумачыць, што гэта зусім не сабака… – Як даўно вы займаецеся паляваннем? І якая здабыча траплялася пад прыцэл вашага ружжа? – Стаж паляўнічага – 18 гадоў. Як толькі дарос да паўналецця, адразу ж уступіў у БТПР і набыў сваё першае ружжо. З часам памяняў яго на лепшае, а сёння ў мяне ёсць яшчэ і карабін. Што тычыцца здабычы, то даводзілася здабываць і кабана, і казулю, і лася. А самы цікавы від палявання для мяне – на лісу з гончымі сабакамі. Хаця і норнае мне вельмі падабаецца – нават сабаку спецыяльную для гэтага трымаю – ягдтэр’ера. І паляванне “ў засідку” таксама прыносіць нямала адрэналіну… Ды што там! Не бывае нецікавага палявання – кожную здабычу звера памятаеш, нібы яна здарылася ўчора. – І не шкада звера? Тая ж казулька, яна – такая прыгажуня… Чорныя вільготныя вочы, грацыёзная фігурка… Як выстраліць у такую прыгажосць? – А давайце глянем на вашае пытанне з іншага боку… Вось трымаем мы, да прыкладу, кабанчыка. Купілі яго парасём, старанна даглядалі, кармілі, часалі яму брушка, звалі Боркам… Словам, прыручылі і самі прыручыліся, а потым… забілі і з’елі. І ніякіх пакут сумлення! Паляванне ў гэтым сэнсе – куды больш сумленная здабыча. Таму што звер ад прыроды мае шанс (і немалы!) процістаяць чалавеку са зброяй. У яго – першакласныя слых, зрок або нюх, у яго – хуткасць маланкі або 20-сантыметровыя клыкі… Паляўнічаму трэба вельмі пастарацца, каб “атаварыць” атрыманую ў БТПР пуцёўку. – У якія прыкметы верыць паляўнічы, калі збіраецца на чарговае паляванне? – У самыя розныя. У пустое вядро, у чорнага ката, у “нельга вяртацца за забытай рэччу”. А яшчэ – у незадаволенасць жонкі. Калі на паляванне ідзеш насуперак яе жаданню, на трафей можаш не разлічваць – прыкмета, вядомая кожнаму паляўнічаму. Таму да чарговага паходу ў лес мы маральна падрыхтоўваем сваіх жонак спакваля і вельмі лагодна (смяецца). – Тады дазвольце пажадаць вам спрыяльных прыкмет і толькі выніковых стрэлаў. – Дзякую. І цьфу-цьфу-цьфу…


Размову вяла Ганна ЧАКУР.