КМБ позади – служба впереди
За плячыма ў навабранцаў месяц тэрміновай службы. Мабыць, для вайскоўцаў гэта самы насычаны перыяд, бо за такі невялікі час іх звыклы ўклад жыцця змяніўся карэнным чынам – шмат з чым юнакам давялося сутыкнуцца ўпершыню. А першыя крокі, як вядома, самыя складаныя.
Чым запомніўся першы месяц службы, карэспандэнт «АП» распытаў у маладога папаўнення ваенных часцей Астравеччыны.
ПЕРШЫ НАРАД
Сяргей Мірановіч, вайсковая часць 7434:
Каб заступіць у нарад, трэба было ведаць акрэсленыя абавязкі. Канешне, мы рыхтаваліся, вучылі, ды і падчас разводу нас, так бы мовіць, тэсціравалі. Але ўсё роўна перажываў: каб веды з галавы не ўцяклі, калі старшы па званні прыйдзе і запытае штось. Ведаеце, адчуванні, як ва ўніверсітэце падчас экзамену: заходзіш, зачыняеш дзверы – і думаеш, што ўсё забыў. (Усміхаецца.) А на справе ўсё аказалася нашмат прасцей, чым уяўляў.
Перад нарадам даюць некалькі гадзін адпачынку, потым ідзём на развод, афіцэр правярае ў кожнага, хто заступае, веданне абавязкаў, праходзім інструктаж па мерах пажарнай бяспекі – і ідзём прымаць пост у папярэдняй змены.
Здараліся і неспадзяванкі, калі дзяжурны па часці прыходзіў і пытаў у таварышаў абавязкі, а тыя ад хвалявання забылі іх альбо зблыталіся. Але да навічкоў ставіліся лаяльна – усё ж упершыню стаялі.
ПЕРШЫ ДЗЕНЬ
Максім Шніп, вайсковая часць 7434:
– Адпраўлялі нас у часць з абласнога ваенкамата. З прызыўнікоў ведаў аднаго хлопца. Пакуль ехалі, складвалася адчуванне, быццам не служыць, а адпачываць збіраюся. Мабыць, з-за таго, што школьнікам шмат быў у летніках і санаторыях, таму дарога і аўтобус выклікалі падобную асацыяцыю. Хоць ехалі мы моўчкі, усе задумлівыя былі… А калі аказаліся на тэрыторыі часці, мроі з дзяцінства развеяліся: усё строга, дысцыпліна... (Усміхаецца.)
Выйшлі з аўтобуса і накіраваліся да казармаў. На пляцы нас прывітаў камандзір часці, прадставілі афіцэраў і іншых ваеннаслужачых, якія будуць з намі працаваць. Па праўдзе, акрамя камандзіра, нікога з іх у першы дзень ні ў твар, ні па імені не запомніў.
«Сабойку» з дому не браў – не да ежы было. (Усміхаецца.) Маці, праўда, паклала пару бутэрбродаў – па дарозе іх з’еў .
Чакаў, што траплю ў жорсткія ўмовы – рэальнасць аказалася не такой. Хаця, прызнаюся, першы час было вельмі складана, давялося прывыкаць пасля разняволенага жыцця да вызначанага распарадку, іншага тэмпу.
І не трэба слухаць тых, хто расказвае, што ў арміі дрэнна і гэта страчаны час. За гэты невялікі перыяд ужо шмат чаму навучыўся – навыкі спатрэбяцца ў жыцці.
ПЕРШЫ МЕСЯЦ
Iван Новікаў, радыётэхнічны цэнтр 49-й радыётэхнічнай брыгады:
Думаў, што будзе цяжка… Памыляўся. Да парадку, канешне, маладое папаўненне прывучалі – і прывучылі, але не так, як малявала ўяўленне. Да слова, мабільныя ў нас ёсць (толькі яны кнопачныя, без камеры, блютуза, доступу ў інтэрнэт, дыктафона) і выдаюць іх у акрэслены час.
Усе даволі хутка пасябравалі, падтрымлівалі адзін аднаго, падказвалі.
Найцяжэй было ў страявой і тактычнай падрыхтоўках. Напрыклад, капаць акоп лежачы. А ўвогуле за гэты месяц шмат чаму навучыўся: арыентавацца на мясцовасці, рабіць шалашы са спадручных сродкаў… Не скажу за ўсіх, а мне гэта падабалася рабіць.
Месяц КМБ для мяне праляцеў незаўважна хутка – і нас адправілі для далейшага праходжання службы па часцях. Калі ехаў, думаў: зараз прывязуць у які-небудзь лес, далёка ад населеных пунктаў, а аказалася зусім не так.
ПЕРШЫ КІЦЕЛЬ
Кірыл Жэгала, радыётэхнічны цэнтр 49-й радыётэхнічнай брыгады:
– Паколькі прыбылі на месца ўвечары, форму атрымалі толькі назаўтра. А да гэтага хадзілі ў «грамадзянцы», якую затым паклалі на часовае захоўванне ў спецыяльныя скрынкі, а тады перадалі дамоў.
У нейкай ступені я прывык хадзіць па форме, дакладней, насіць вызначаны стыль (у каледжы, дзе вучыўся, патрабавалі дзелавы), таму тое, што ізноў у плане адзення акрэсленыя межы, успрымаў нармальна. Тым больш гэта ж армія – як інакш! А вось што тычыцца свайго памеру – нюансік быў: я яго не ведаў. Затое, акінуўшы такіх, як я, вокам, хутка і беспамылкова вызначаў патрэбны памер старшы прапаршчык. Так што за паўгадзіны агулам мы ўправіліся і атрымаць форму, і надзець. Заўважу: ва ўзводзе 21 чалавек быў.
А вось з берцамі ў мяне пытання не ўзнікла – ведаў, што браць. І не ціснулі яны мне (хоць, пакуль не разнасіў, каляныя былі), і з-за мазалёў не пакутаваў – калі правільна хадзіць і па памеры насіць абутак, праблем не будзе.
Што там форма: зручная-нязручная – пра гэта не думаў! Было боязна ў армію ісці, а цяпер смешна пра тыя думкі ўзгадваць. Калі не ўлічваць сюжэту серыяла «Салдаты», то настройваўся, што будзе дзедаўшчына, жорсткія сяржанты і таму падобнае – фантазія ўмее дамалёўваць… (Смяецца.)
ПЕРШАЕ СТРЭЛЬБІШЧА
Уладзіслаў Харэвіч, 1146-ты гвардзейскі зенітны ракетны полк:
– Пачатковую ваенную падрыхтоўку праходзіў у Гродне – дзесьці праз тыдзень знаходжання ў вучэбцы трапілі на стрэльбішча.
Вывучэннем аўтамата, яго зборкай-разборкай, займаліся ў часці, а агнявой падрыхтоўкай – на палігоне. У нас былі вучэбныя кропкі. Так, на адной зараджалі магазін боепрыпасамі, на другой адточвалі падрыхтоўку да стральбы, на трэцяй прыстрэльваліся, вучыліся звадзіць «мушку» з цэллю і гэтак далей. Перад тым як атрымаць зброю, абавязкова праходзілі інструктаж па тэхніцы бяспекі, веданне якой у нас правяралі.
Дарэчы, здавалі мы агнявую на адзнаку – своеасаблівы залік. (Усміхаецца.) Боязі страляць не было, наадварот, цікаўнасць, азарт, адрэналін – хацелася выбіць пабольш цэляў. Рукі не балелі, а наконт аддачы – першы патрон неспадзявана, а потым ужо чакаеш, што будзе аддача, і напружваеш плячо, каб не пашкодзіла.
ПЕРШЫ ЗВАЛЬНІЦЕЛЬНЫ
Дзмітрый Прэдко, 1146-ты гвардзейскі зенітны ракетны полк:

– Родам з Ашмян, а ў вучэбцы быў на базе 1-га ракетнага зенітнага палка ў Гродне.
Першы звальніцельны атрымаў пасля прысягі. Канешне, чакаў гэтага моманту, але дні па календары не адлічваў – тады будзе здавацца, што час доўга цягнецца. (Усміхаецца.)
Ведаў, што бацькі прыедуць, сябар – хацелася іх убачыць, пагаварыць. На «грамадзянцы» ў поўнай меры не разумееш каштоўнасці такіх стасункаў. Хоць з бацькамі і трымаў сувязь штовечар, але гэта зусім не тое, што ўжывую. Да абмежаванасці свабоды перамяшчэння таксама трэба прывыкнуць.
Мне, па шчырасці, хацелася проста выйсці за межы часці, прагуляцца, скажу так: удыхнуць «грамадзянскага» паветра. (Смяецца.)
Звальніцельны выпісалі да 6-ці вечара, таму дамоў каб і хацеў патрапіць, не паспеў бы – каму бліжэй было, тыя ездзілі.
Прысягу прымалі на Кургане Славы, там парк, месца добрае – можна і пагуляць, і пасядзець, таму нікуды не паехалі. Здавалася, толькі адпусцілі і часу шмат далі, а ён так імгненна праімчаў… Цяжка было на душы. (Усміхаецца.) Што там казаць, вяртацца не хацелася, але калі апынуўся ў часці, сум хутка адышоў.
