Хто стаў пераможцам чарговага этапу конкурсу “Што б гэта значыла?”


Да чаго дайшоў прагрэс! Усе ўжо даўно прывыклі, што газету можна чытаць не толькі ў традыцыйным друкаваным выглядзе, але і ў электронным – на сайце і ў нашых групах у сацыяльных сетках, там жа абмяркоўваць публікацыі і пакідаць да іх свае каментарыі ці, як у нашым выпадку, – варыянты подпісаў да прапанаванага здымка.

Больш таго, скачаўшы на смартфон спецыяльную праграму, па кюар-кодзе можна «ажывіць» некаторыя здымкі, пазначаныя спецыяльным значком, і паглядзець не толькі фота, але і відэа. 

Але, аказваецца, – мы і самі пра гэта не ведалі! – паглядзеўшы на здымак, можна адчуць нават… пах! Прычым без усялякіх там дадатковых праграм і высілкаў! Ва ўсякім выпадку, адзін з нашых традыцыйных «каментатараў» у групе «АП» «ВКонтакте» абураўся: колькі можна абмяркоўваць чыесьці смярдзючыя туфлі! Уяўляеце: чалавек па здымку, ды яшчэ ў інтэрнэце, пах адчуў! Пэўна, у яго нейкі асаблівы камп’ютар… Ці нюх…

Таму чалавеку конкурс наш, мяркуючы па ўсім, не падабаецца. А вось іншым нашым чытачам «Што б гэта значыла» вельмі даспадобы. Ва ўсякім выпадку, здымак з дзвюма парамі абутку пад лаўкай пракаменціравала 18 чалавек, некаторыя даслалі па некалькі варыянтаў подпісаў.

экардсменам па допісах стала вядомая ў раёне гумарыстка і артыстка размоўнага жанру Міраслава Якіменка – ад яе мы атрымалі ажно 7 розных варыянтаў. 

Найперш Міраслава ўзгадала народнае, даўнейшае:

– Бaгатыя берагуць ногi, а бедныя шануюць абутак.

І ад яе ж – з тых жа часоў:

– Беражлiвыя людзi ў абутку не ходзяць – яны яго носяць.

Так і было калісьці: у касцёл за некалькі кіламетраў ішлі пешшу, а боты ці чаравікі, памыўшы ногі, надзявалі перад самай вёскай.

Асабіста мне гэты варыянт спадабаўся найбольш, але – скажу, забягаючы наперад – іншыя члены журы былі іншага меркавання. Што ж, у нас дэмакратыя.

Успомніла Міраслава і яшчэ адну бываліцу з мінулых часоў:

«I мае чаравікі, здаралася, стаялi каля туфляў шляхетных дам», – так некалі выхваляўся перад намі адзiн астравецкi кавалер.

І падсумоўвае яна мудрай высновай:

– Мо, iх абутак лёсу ўжо i паднасiўся, але на iм вiдзен i бляск, і пыл, i каханне, i пАра.

А ўвогуле ўдзельнікі конкурсу чаго толькі ні прыдумалі, разглядаючы дзве пары абутку пад лаўкай!


Марына Кавалеўская, гледзячы на фота, разважае ўслых – і даводзіць нам свае думкі:

– Глянула на здымак:

Тут нялёгкая задача.

Вельмi многа варыянтаў –

Што ж гэта значыць?..

Пара ўжо немаладая

Тут пераабувалася.

Роўненька саставiлi, пакiнулi –

Мабыць, нешта здарылася...

I абутак па сезоне,

Бачу, вельмi розны.

I матыў яго пакiнуць,

Пэўна, быў сур’ёзны...

Які ж такі сур’ёзны матыў? Вось што пра гэта мяркуе Рэгіна Дрэма:

– Что тут было вчера,

Я представить боюсь:

Ворковали, мурлыкали, пели...

Вдруг дежурный наряд 

показался вдали!

И  «герои» тотчас 

незаметно ушли,

Но обуться, увы, не успели.


Зрэшты, справа жыццёвая. І не самая благая. Так, ва ўсякім выпадку, лічыць Капіталіна Пят­роўская:

– Две пары обуви: 

женская и мужская…

Так это ж – счастье, 

жизнь людская!

Ещё им пожелать осталось,

Чтоб третья к ним не затесалась.

Но коль жива любовь и вера

В благонадёжность кавалера –

Появится и третья пара, 

Но только детского размера.

Як кажуць, дай бог…


Любоўную тэму развівае ў сваім допісе Жанна Раўда­новіч:

– Шуры-муры, лавочки,

Улетели парочки.

Закружилась голова,

Молодёжь сошла с ума.


Салідарны з ёй Віктар Я.:

– Кто-то явно вспугнул.


hernovamariia147 з сумам уздыхае:

– Такіх пачуццяў мы не зналі, што пра абутак забывалі.


А многія ў адпаведнасці з над­­вор’ем, «заспявалі» асеннія песні:

– Гэта азначае, што прыйшла Восень пасля Лета, – лічыць katerina_shturo.

У гэтую тэму варыянт 3008morozova:

– Потихоньку переобуваемся: летняя обувь моется и меняется на осеннюю.

Што ж, актуальна, хоць і не арыгінальна.


gordonf1988 ці то з жалем, ці то з сумам канстатуе:

– Эх, восень! Надвор’е вымагае браць з сабою дзве пары абутку...

Я даўно заўважыла, што некаторыя нашы канкурсанты яўна падпрацоўваюць на рэкламе пэўных фірм, магазінаў і арга­нізацый. Невядома толькі ці плацяць ім за гэта «рэкла­ма­даўцы». Хоць, магчыма, гэта якраз той варыянт, што палову жыцця ты працуеш на аўтарытэт, а другую палову – аўтарытэт на цябе.

Чаму разулiся?

А таму, што ў «Мегатопе»

 пераабулiся!

Ён купiў сабе макасiны, 

Яна – басаножкi… 

І пашыбавалi ў ЗАГС 

Закаханыя па дарожцы.


Гэта яшчэ адзін варыянт ад ужо згаданай намі Міраславы Якіменкі.

У другім яна ж рэкламуе здаровы лад жыцця і астравецкі ФСК:

– Пара ўжо немаладая, 

Сораму ў iх ўжо няма: 

Разулiся й пашыбавалi 

У Астравецкі ФСК.


Як заўсёды, арыгінальная Рэгі­на Дрэма:

– Это «туфли-невидимки»:

Никого как будто нет.

Можно совершать обнимки

И всем вокруг кричать «Привет!»

У другім яна ўявіла жыццёвую сітуацыю:

– Это тот случай, когда жена призналась мужу, сколько стоят туфли, – и их обоих увезла «скорая».

Хоць, на яе думку, магчымы і іншы варыянт:

– Кто-то купил новую машину, а туфли по цвету не подошли.


А Міраслава Якіменка, Ва­лян­ціна Масцяніца і Ларыса Гупянец лічаць, што ўсё нашмат больш празаічна: 

– Во як людзi танцавалi – 

Мазалi панацiралi,

Абутак хуценька знялi –

І танчыць зноў пайшлi, –

успамінае Міраслава.


У тон з ёй «спявае» яе зямлячка Валянціна Масцяніца:

– Як у нашым у двары

Ладзяць танцы да зары, 

Каб не намазоліць пяты,

Танцуюць босыя дзяўчаты.

І кавалеры ім пад стаць:

Каб дзеўкам пальцы

не стаптаць, 

Разулі чаравікі…


А Ларыса прапануе іншае бачанне той жа праблемы:

– Пара з нашага сяла

Дзень у Астраўцы прабыла,

Новы абутак там купіла,

На абцасах пафарсіла...

Толькі абутак гэтай пары

Панацёр ім мазалёў.

Дзякуй родзічам – абулі,

Каб змаглі дайсці дамоў.


Тая ж Ларыса Гупянец пад­сумоўвае настальгічныя ўспа­міны пра даўнейшае жыццё:

– Капрызуля цётка-мода:

Куфры, сценкі ды камоды,

Кажухі, валёнкі, футры,

Шапкі з пыжыка і нутрый,

І «Мадонны», і крышталь...

Не ў пашане больш, на жаль.

Вось і абутак гэты

ўжо не ў модзе –

Не купляйце болей. Годзе!

Сапраўды: годзе! Бо будзе, як тым стаптаным чаравікам: апынуцца пад лаўкай.

Быў шэраг варыянтаў кароткіх, але ёмістых.

– Недавно были. Очень спешили. Обувь забыли. (Капіталіна Пятроўская.)

– Артобъект: обувь есть, а тела нет. (Аляксей Маргуж.)

– Воспитанные люди, перед тем, как залезть на скамейку с ногами, СНИМАЮТ ОБУВЬ! (tanusha_shevs)

– Скороходы ждут своих хозяев. (marino4ka1444)

– Стой там – иди сюда. (piatkevich27)

Напрыканцы Рэгіна Дрэма ро­біць глыбакадумную выснову:

– Хтосьцi пакiдае «вiзiткi», а хтосьці абутак – у кожнага свая «вiзiтная картачка».

«Візітоўка», да слова, надзвычай красамоўная – і прыведзеныя вышэй варыянты подпісаў да здымка сведчаць пра гэта.

Калі падсумавалі ўсе балы, што выставіла рэдакцыйнае журы, аказалася, што бясспрэчным фаварытам стаў допіс Валянціны Масцяніцы – у яе 160 балаў і першае месца.

Другое гэтак жа бясспрэчна заняла Ларыса Гупянец з варыян­там пра капрызулю цётку-моду, які набраў 110 балаў.

А вось на трэцяй прыступцы нашага ўмоўнага п’едэсталу гонару на гэты раз цесна. Па 80 балаў набралі тры ўдзельніцы конкурсу: Капіталіна Пятроўская, якая чакае, калі каля двух пар абутку з’явіцца трэцяя, дзіцячая; Міраслава Якіменка, якая ўспомніла, як людзі танцавалі, мазалі панаціралі, і аўтар вынесеных у загаловак радкоў hernovamariia147 (апошняга аўтара просім паведаміць рэдакцыі свой паштовы адрас для пералічэння прэміі). 

Яе, да слова, атрымаюць  усе пераможцы конкурсу.

Іншым жа прапануем удзельнічаць у наступных этапах – і перамагаць!



Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета