Хто і як змагаецца са снегам у Рытанскім сельскім Савеце



Зіма сёлета цудоўная (пакуль): снегу ў меру, мароз не куслівы… І ўсё ж найлепш назіраць за ёй з акна цёплай кватэры, час ад часу выходзячы на горку ці на каток хапнуць свежага марознага паветра. Вяскоўцам, калі дарогі заснежаныя і дарожнікі ды камунальнікі не паспяваюць іх чысціць, неяк не да рамантычных сантыментаў…

 – Так, снегапад нарабіў клопатаў, але паціху спраўляемся, – расказаў старшыня Рытанскага сельскага Савета Рыгор Цэйка. – Асноўныя дарогі ачысцілі ад снегу работнікі ДРБУ-159. Дапамаглі і камунальнікі, якія пачысцілі не толькі вуліцы ў аграгарадках, што стаяць на іх балансе, але і некаторыя другасныя транспартныя артэрыі. Але львіную долю клопатаў па ачыстцы дарог да хутароў і невялікіх вёсачак ўзяў на сябе РУП «Саўгас «Падольскі». Не па абавязку працуюць у саўгасе – па душы, разумеючы, што ў самай аддаленай вёсачцы ці на хутары жывуць людзі…

 Рыгор Часлававіч расказаў гісторыю. На хутары Бразіня адзінока жыве толькі адна бабуля Юзэфа Юргялянец. Аўталаўка да гэтага хутара прыходзіць не па раскладзе, а па індывідуальнай заяўцы: калі патэлефануе бабуля, папросіць, каб прывезлі хлеб, цукар, алей ці што яшчэ, тады і едзе.

 Калі дарогі замяло, работнікі аўталаўкі патэлефанавалі ў сельсавет:

 – З хутара Бразіня паступіла заяўка. А мы даехаць не можам.

 Старшыня сельсавета звярнуўся да дырэктара саўгаса. Так, можна знайсці мноства аргументаў, каб не траіць час і сродкі на расчыстку дарогі да хутара: там няма вытворчых аб’ектаў, не жыве ніхто з работнікаў саўгаса. Але ж і адна бабуля заслугоўвае ўвагі і павагі! 

 У той жа дзень да вечара дарогу расчысцілі. Назаўтра аўталаўка прыехала на хутар Бразіня і прывезла Юзэфе Юргялянец неабходныя прадукты.

 – Змагацца са снегам дапамагаюць і самі жыхары хутароў і вёсак, якія маюць у прыватнай уласнасці трактары з неабходным абсталяваннем, – расказвае Рыгор Цэйка. – Уладзімір Шылка, Іван Бруйко не чакаюць просьбаў ці напамінкаў: як толькі выпадзе снег, адразу расчышчаюць дарогі да сваіх і суседніх сядзіб. 

 Старшыня прызнаецца, што пакуль што не да ўсіх населеных пунктаў сельскага Савета дарогі расчышчаны, але, дзякуючы намаганням усіх зацікаўленых арганізацый і нераўнадушных людзей такіх амаль што не засталося. 

 Будзем спадзявацца, што пакуль нумар газеты з гэтай інфар­мацыяй будзе рыхтавацца да друку, такіх увогуле не застанецца.

Текст: Нина Рыбик