Кемелишковские школьники навели порядок
Хочацца падзяліцца навіной аб тым, як вучні Кямелішкаўскай сярэдняй школы ўдзельнічалі ў дабрачыннай акцыі “Працягні руку дапамогі”, якая ў нашай школе праводзілася на працягу тыдня, з 15 па 20 кастрычніка.У акцыі прымалі ўдзел члены нашай піянерскай дружыны імя Юрыя Гагарына. У панядзелак актывісты сабраліся і склалі план работы на тыдзень, згодна з якім у той жа дзень правялі гутарку-разважанне, прысвечаную загінуўшым у часы Вялікай Айчыннай вайны яўрэям, 70-я гадавіна расстрэлу якіх прыпала на 20 кастрычніка 2012 года.
Але не словам адзіным – на наступны дзень піянеры ўзброіліся рабочым інвентаром і пайшлі да помніка, устаноўленага на месцы расстрэлу вязняў Кямелішкаўскага гета. Зграблі апалае лісце, ачысцілі ад сухіх кветак клумбы. А перад тым, як пакінуць гэтае журботнае месца, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
У чацвер цімураўцы правялі гутарку, прысвечаную праблемам пажылых і адзінокіх жыхароў нашай вёскі, і вырашылі наведаць іх з прапановай аказання дапамогі. У выніку трохдзённага працоўнага дэсанту было зроблена шмат добрых спраў на панадворках пажылых і адзінокіх людзей: складзены дровы, падмецены двары, аказана дапамога ў зборы ўраджаю.
Такім чынам, падчас акцыі была праведзена карысная работа. Піянеры былі задаволены вынікамі працы. А падзякі аднавяскоўцаў паддалі ахвоты праводзіць такія мерапрыемствы часцей.
-----------------------------------------------
Інеса Пляўга, вучаніца 7 класа.