І ў Кавалях могуць дыні расці!

Паверыш – а куды дзенешся?.. Паназіраеш, як ртутны слупок тэрмометра пад спякотнымі промнямі ўздымаецца амаль да 50-ці градусаў, як у палях вымахала пад тры метры (і працягвае расці) аматарка паўднёвай гарачыні кукуруза, як плечы без спецыяльнага “пячэння” на сонцы набылі выразна шакаладны колер – і нічога не застаецца, як паверыць у тое, што планеце сапраўды пагражае сусветнае пацяпленне.


Кавальскія дыні – толькі яшчэ адзін доказ на карысць тэорыі пацяплення. “Апошні цвік” у нявер’е скептыкаў. Кантрольны, так бы мовіць, стрэл.
“Кавальскія” – у тым сэнсе, што вырашчаны ў Кавалях, у вёсцы, якая знаходзіцца ў прыгарадзе Астраўца, а не ў якой-небудзь Астрахані. На градцы ў Галіны Казіміраўны і Казіміра Юльянавіча Місцеровічаў растуць і цудоўна выспяваюць дыні і кавуны.
Як расказаў гаспадар, дынямі яны частуюцца ўжо другі год запар, а кавуны і для іх сям’і навінка.
–Насенне купляем у Смаргоні ў спецыялізаваным магазіне, – падзяліўся сакрэтам вырошчвання паўднёвых раслін Казімір Юльянавіч. – Высяваем яго ў гаршчочкі адначасова з пасевам памідораў на расаду. Догляд – аднолькавы. З надыходам устойлівага цяпла высаджваем расаду пад поліэтыленавую плёнку (як агуркі). Паліваем, праполваем, час ад часу падкормліваем. Калі лета канчаткова возьмецца ў сілу, а ягаднік дыні і кавуна распляцецца, плёнку здымаем. Ураджай збіраем паступова – па меры даспявання. Дыняй ужо частуемся больш за месяц, а кавуны пакуль “даходзяць”.


Ганна ЧАКУР.