Кацяня забралі – і выкінулі: гісторыя пра НЕ добрыя рукі
«Жывуць кот і сабака, ды доля не аднака», – гаварыла некалі мая мама, маючы на ўвазе, што сабака ў дождж і сцюжу трасецца ў будцы, добра яшчэ, калі на саламянай падсцілцы, а кот соладка дрэмле на цёплай печы.
Цяпер «доля не аднака» і ў катоў, і ў сабак (зрэшты, у людзей таксама, але гэта тэма іншай размовы). Адны хатнія гадаванцы жывуць у кватэрах і дамах на правах гаспадароў, спяць на мяккіх канапах, перабіраючы харчы і ўборы, іх лечаць у дарагіх клініках, катаюць у машынах і падпарадкоўваюць уласны распарадак дня пад іх «хацелкі». Іншыя дзяжураць пад веснічкамі ці пад’ездам у чаканні, калі якая добрая душа вынесе рэшткі ўчарашняга абеду ці кавалак лівернай каўбасы, і, кідаючыся да пачастунку, азіраюцца: ці няма побач п’янага боўдзілы, гатовага ні за што ні пра што тыцнуць выспяткам безабаронную бяздомную жывёліну.
…Гэтую гісторыю расказала гаспадыня заамагазіна і ветаптэкі, дзе я рэгулярна набываю корм для свайго Кузьмы. Раней наведвальнікаў тут сустракаў аксамітнаскуры Вугельчык, які, пачуўшы, што размова ідзе пра яго, заскокваў на шалі, каб паказаць свае змены ў вазе: пяць кілаграмаў… Шэсць… Сем…
А надоечы мяне сустрэла шустрая ласкавая Бусінка, якая тут жа ўскараскалася мне на карак – пэўна, каб палячыць мой астэахандроз. Бачыла кацяня тут і раней, потым яно знікла на нейкі час – і вось зноў з’явілася.
Толькі…
– А чаму ў коціка адно вока? Што здарылася з другім?
…І гаспадыня расказала пра «добрыя рукі», у якія трапіла Бусінка.
…У магазін неяк увалілася чародка дзяцей з каробкай у руках.
– У вас ёсць лякарства, каб кацяняці вочка закапаць? – спыталі.
– Лякарства ёсць, але яно дарагое, – адказала прадавец. – Зрэшты, пакажыце, каго вы збіраецеся лячыць?
Малыя адкрылі каробку, на дне якой ляжала напаўжывое аб’едзенае блыхамі кацяня з заплыўшым ад гною вокам.
– Дзе вы яго ўзялі?
– Пад пад’ездам…
– Дзеці, вы яму не дапаможаце, – агледзеўшы кацяня, вынесла вердыкт прадавец, якая да таго ж – ветэрынар. – Яго трэба лячыць. Пакідайце тут.
…Больш тыдня змагалася жанчына за жыццё Бусінкі, як назвала «прыблуду»: калола антыбіётыкі, лячыла вока, апрацоўвала ад паразітаў. Дзеці ледзь не штодня пасля школы прыбягалі праведаць кацяня і пабавіцца з ёй. Ачуняўшы, яна стала ласкавай і гарэзлівай, як усе малыя, кошачкай. Але забраць кацяня дахаты нікому з іх бацькі не дазвалялі.
…Неяк у магазін прыйшла мама з дзецьмі за кормам для папугая. Бусінка тут жа кінулася да дзяцей, стала лашчыцца, тыя – гуляць з ёй.
– Гэта ваш коцік? – пацікавіліся яны ў прадаўца.
– Ды не, я не магу яго забраць дахаты: дома два сабакі, кот і папугай. Муж сказаў, што калі яшчэ каго-небудзь прынясу, то мне ўжо месца не застанецца, – развяла тая рукамі. – Бусінка шукае гаспадароў.
Дзеці пераглянуліся з маці, выйшлі на вуліцу. Праз нейкі час вярнуліся.
– А колькі грошай каштуе гэтае кацяня?
– Ну што вы! – засмяялася жанчына. – Аддам у добрыя рукі.
…У пасаг Бусінцы далі корм, неабходныя санітарныя прыналежнасці, цацку…
– Толькі… – гаспадыня магазіна, у якой раптам ёкнула сэрца, спыніла на парозе шчаслівых уладальнікаў маленькага цуда. – Калі раптам яна вам надакучыць… Не выкідвайце яе, калі ласка. І не ўсыпляйце. Лепш вярніце назад!
– За каго вы нас лічыце! – абурана ўклікнула маці – і шчаслівае сямейства з новым гадаванцам пакінула краму.
Мо, з месяц гаспадыня расказвала пастаянным наведвальнікам магазіна, якія цікавіліся, куды падзелася Бусінка, пра шчаслівы лёс кошачкі: вярнулася, лічы, з таго свету – і, дзякаваць богу, знайшліся добрыя рукі, якія далі ёй прытулак. Значыць, не ўсё ў свеце так дрэнна!
…А праз нейкі час на парозе з’явілася дзяўчынка з таго сямейства, што «ўдачарыла» Бусінку. У руках яна трымала кацяня і глядзела не прыветліва, як раней, а злосна і сярдзіта.
– Вось, забірайце! – кінула яна цераз прылавак жанчыне кацяня.
Яно стала баязлівым і зашуганым, а галоўнае – у яго не было аднаго вока. Таго самага, якое з такой цяжкасцю ўратавала ветэрынар.
…Бусінку зноў давялося лячыць, а галоўнае – прывучаць да людзей: як толькі адкрываліся дзверы ветаптэкі, яна зашывалася ў самы далёкі кут і не вылазіла, пакуль пакупнік не выходзіў.
На шчасце, у катоў памяць кароткая, яны не ўмеюць трымаць зла. Цяпер кацяня зноў вясёлае і гарэзлівае і кідаецца насустрач кожнаму пакупніку.
...Сацыяльныя сеткі стракацяць аб’явамі «Аддам у добрыя рукі!» і фоткамі малых і дарослых кацянят і шчанят. Добрыя рукі знаходзяцца не для ўсіх. Яшчэ горш, калі яны на самой справе аказваюцца зусім не добрымі…
Мы ў адказе за тых, каго прыручылі, гаварыў Маленькі Прынц. Памятайце пра гэта, калі рашаецеся завесці хатняга гадаванца. Лепш не бярыце ўвогуле, калі не можаце забяспечыць яму годнае існаванне (я не маю на ўвазе корм прэміум-класа і месца на падушцы побач з вамі, можна і прасцей, але з любоўю). Жывёліна – гэта не цацка, якую не шкада выкінуць, калі яна зламалася, і не спадніца, з якой можна зрабіць анучу, калі выйшла з моды. Гэта – Божае стварэнне…
І калі яно не ўмее гаварыць і не можа расказаць, як яму баліць, то гэта не значыць, што ў яго няма душы.
