Каманда Астравецкага лясгаса стала ІІІ на галіновых спаборніцтвах па лыжных гонках


Заснежаная траса спартыўна-біятланічнага комплексу “Селец”, што ў Навагрудскім раёне, сабрала звыш ста чалавек на абласную спартакіяду работнікаў лясной гаспадаркі. Астраўчане прадэманстравалі выдатныя вынікі і занялі агульнакаманднае ІІІ месца.

За перамогу змагалася 11 каманд лесагаспадарчых устаноў вобласці, па 7 чалавек у кожнай. На трасу выходзілі лесаводы-спартсмены трох узроставых катэгорый: 18-29 гадоў, 30-39, 40 і больш. На час мужчынам трэба было адолець 3 кіламетры, жанчынам – 1,5.

У другой узроставай катэгорыі найбольшыя спрыт і хуткасць прадэманстравала інжынер па лесакарыстанні Дар’я Смольская. Сярод мужчын 40+ трэцім фінішаваў ляснік Спондаўскага лясніцтва Уладзімір Салавей.

Дзякуючы намаганням усіх удзельнікаў у Астравецкага вопытнага лясгаса – агульнакаманднае ІІІ месца. З чым і віншуем лесаводаў!

З першых вуснаў

Віталь Шарэйка, намеснік дырэктара ДВЛГУ “Астравецкі вопытны лясгас”:

– Напрыканцы студзеня наша каманда добра выступіла на раённых лыжных гонках “Беларуская лыжня – 2024”, у эстафеце мы сталі другімі, а Дар’я Смольская і Уладзімір Салавей паказалі трэці вынік сярод удзельнікаў у сваіх узроставых катэгорыях. Прыемна, што і на галіновых спаборніцтвах мы выступілі годна. Ва ўзнагароджванні пераможцаў і прызёраў спартакіяды ўдзельнічаў генеральны дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Міхаіл Ігнацік, які падзякаваў усім за ўдзел і ўручыў медалі і граматы.


Текст:
Фото: из архива лесхоза