Калядныя традыцыі сям’і Дэнюш з Быстрыцы

Свята Божага нараджэння  напоўнена непадробнай радасцю, якой праз ламанне аплаткі людзі дзеляцца адзін з адным – першая зорка ў небе абвясціла нараджэнне Дзіцяткі Езуса…

У сям’і  Івана і Ганны Дэнюшаў з  Быстрыцы з пакалення ў пакаленне перадаюцца калядныя традыцыі, а Божае Нараджэнне, як і Вялікдзень,  лічацца галоўнымі святамі. Відаць, на генетычным узроўні ў гэтага рода закладзены вера ў Бога, спагадлівасць, працавітасць і жыццялюбства…

4.jpg


Разам з дзецьмі – адзінаццацігадовым Уладзіславам і сямігадовым Мацвеем – бацькі кожны тыдзень ходзяць у касцёл і рыхтуюць не толькі свой дом, але і сэрцы, да нараджэння Маленькага. 

Раней, калі быў жывы тата Івана Феліксавіча, уся вялікая сям’я на свята збіралася ў бацькоўскім доме. Цяпер яго маці Марыя прыходзіць на Каляды да дзяцей і заўсёды прыносіць прысмакі любімым унукам-сонейкам. 

5.jpg

Пакуль Ганна шчыруе на кухні, хлопчыкі ўпрыгожваюць елку. Агеньчыкі і круглабокія шары вокаймгненна абляпляюць пышныя лапкі зялёнай прыгажуні. 
Калі ў вечаровым небе загараецца першая зорка, Іван ідзе ў пуню за сенам – яго на наступны дзень аддадуць козачкам, – а пакуль абярэмак духмянай сухой травы кладуць пад белы абрус, на стол выстаўляюць стравы, без якіх немагчыма ўявіць Каляды: селядзец і іншая рыба, грыбы смажаныя і марынаваныя, вушкі з макам, кісель, абаранкі. 

1.jpg

3.jpg

Ганна абавязкова ставіць  дадатковую талерку на выпадак нечанага госця, у вобразе якога можа быць сам Езус, і як сімвал памяці пра продкаў. 
Галава сям’і запальвае свечку – усе  збіраюцца разам, каб падзяліцца аплаткай і скласці адзін аднаму пажаданні, падзякі і сказаць такое прос­тае, але важнае слова «Люблю». 

З даўніх часоў у Дэнюшаў заведзена, што аплатку ламаюць па старшынстве, пачынаючы з самага старэйшага і заканчваючы дзецьмі. Цяпер гэтая місія ўскладзена на бабулю – Марыю Антонаўну. 

6.jpg

З пяшчотай яна паглядае на дзяцей і ўнукаў, дзякуе Богу за ўсё і прыгадвае сваё дзяцінства…  Калі на ёлцы віселі не залатыя  шары, а зробленыя з паперы і цеста цацкі; калі за шчасце была жменька арэхаў; калі, каб прыняць першую камунію, даводзілася ўброд пераходзіць Вілію, каб трапіць у кямелішкаўскі касцёл, а цяпер дзверы святынь адкрыты перад кожным... Не дарма Сын Божы аддаў на крыжы жыццё, і ўжо больш за 2 тысячы гадоў штогод на Раство прыходзіць у гэты свет Маленькім Дзіцяткам, абвяшчаючы веру, дорачы надзею і ўмацоўваючы любоў. 

Пасля малітвы і вячэры Дэнюшы ідуць у касцёл на пастэрку, каб прывітаць Божае Немаўлятка, сказаць яму дзякуй і такое патрэбнае для кожнага «Люблю»…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич