Калі і як Астравец стаў родным для Ніны Рыбік
Задаючы сваім рэспандэнтам «Пяць пытанняў аб галоўным», я і сама міжволі ў думках на іх адказвала, звярала свае адказы з іхнімі.
Калі я адчула, што Астравец, да таго невядомы пасёлак, стаў мне родным? Як адбылася метамарфоза і пад словамі «ў нас», «паедзем дахаты» я стала мець на ўвазе не Хойнікшчыну, дзе нарадзілася, вырасла, зрабіла першыя крокі ў прафесіі, нарадзіла дзяцей, а зусім чужую да таго Астравеччыну, дзе зусім не такія палі, лясы і рэкі, па-іншаму гавораць людзі і нават сонца не такое шчодрае і пякучае, як на паўднёвым усходзе Беларусі.
…У Астравец я прыехала напрыканцы 1989 года, ведаючы пра гэты гарадскі пасёлак толькі тое, што ён знаходзіцца амаль каля самай Літвы і што гэтыя мясціны чыстыя ад радыёактыўнага забруджвання – гэта было галоўнай яго перавагай у параўнанні з Хойнікамі, дзе я да таго жыла. А яшчэ мне тут прапанавалі работу і пакой у інтэрнаце. Усе іншыя плюсы і мінусы аўтаматычна складваліся ў куфэрак пад назвай «Сцерпіцца – злюбіцца».
Першыя ўражанні?
…Памятаю вокліч пакупніцы ў старой «Кулінарыі» – той, што знаходзілася ў будынку сённяшняга кафэ «Візаві». Калі ёй узважылі кавалак яблычнага пірага, яна радасна пляснула ў далоні: «Як добра! Кілю хацела – кілю маю!» Што яна хацела і што мае, я зразумела не адразу.
…Бясконца правіў у маіх матэрыялах прозвішчы герояў наш тагачасны адказны сакратар Яўген Кулакоў: ніяк я не магла прывыкнуць да бясконцых Юркойцяў, Масойцяў, Янкойцяў і іншых «-йцяў».
…Прыгнятала, што, прахадзіўшы дзень па вуліцы, магла не пачуць ніводнага прывітання: усе, акрамя дзясятка супрацоўнікаў рэдакцыі, былі незнаёмыя. Сёння, калі я не ведаю паловы тых, з кім вітаюся – а палова тых, з кім не вітаюся (прабачце, калі вы ў гэтай палове), тым не менш ведаюць мяне, гэта ўспамінаць смешна. Тады было сумна…
Бацькі яшчэ жылі на Гомельшчыне, і я часта ездзіла да іх. На страшным, з выбітымі вокнамі і тараканамі, з шэрай сырой бялізнай і хамаватымі праваднікамі цягніку Харкаў- Калінінград можна было за адну ноч без перасадак даехаць з Гудагая амаль што да бацькоўскай вёскі – і гэтак жа вярнуцца назад.
Аднойчы, вярнуўшыся, злавіла сябе на думцы: «Нарэшце я дома. Што тут, цікава, адбылося за гэтыя дні?»
І ў той момант зразумела, што гэты горад (тады яшчэ гарадскі пасёлак) стаў маім.
Хай прабачаць мяне землякі, але сёння Хойнікі для мяне такія ж чужыя, як некалі быў Астравец. Варухнецца нешта ў душы, калі ступіш на некалі сваю Паўночную вуліцу; пройдзеш каля дома, які будавалі сваімі рукамі і дзе цяпер жывуць чужыя людзі; зловіш поглядам будынак рэдакцыі, дзе калісьці пісала першыя нясмелыя «інфармашкі» і замалёўкі, знізу ўверх паглядваючы на «мэтраў». Забаліць, зашчыміць… І аціхне.
«Не встречайтесь с первою любовью.
Пусть она останется такой:
Острым счастьем, или острой болью,
Или песней, смолкшей за рекой…»
…Даўно ўжо не мой горад Хойнікі. Немагчыма сказаць дакладна, на жаль ці на шчасце. Ёсць – як ёсць. Але сёння ў Хойніках, як і некалі ў Астраўцы, ніхто мяне не ведае, не вітаецца і не пытае пра справы. Мы сталі чужымі… Вядома, не горад у тым вінаваты. Але, мне здаецца, што і маёй віны няшмат.
А Астравец даўно стаў сваім. Ён многае пра мяне ведае. І ўсё памятае. Тут ёсць мае «хавайкі», якія дапамагалі лячыць душэўны боль. Ёсць кропкі радасці, месцы сілы.
А галоўнае – тут жывуць людзі, якія і робяць яго родным. Бо горад – гэта не вуліцы, будынкі, магазіны, паркі і скверы. Гэта сябры, якім заўсёды ёсць да мяне справа. Калегі, да поспехаў і няўдач, радасцей і праблем якіх заўсёды ёсць справа мне. Газета – маё трэцяе дзіця. Чытачы, якія шукаюць на яе старонках маё прозвішча і выгаворваюць, калі доўга яго не бачаць.
Гэта месца, дзе хочацца жыць. І, вяртаючыся з далёкіх і блізкіх вандровак, лаўлю сябе на думцы: як цудоўна! Я – дома…