Калі рэкорды пахнуць “ліпай”... Ці каго не пусцілі на “Дажынкі”?
Нядаўна ў Маладзечна прайшоў рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі-2011”. Гэта было свята ўсіх хлебаробаў краіны. А для многіх ён запомніцца яшчэ і тым, што яны былі прызнаны пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва па выніках сёлетняга жніва і нарыхтоўкі кармоў. Такога гонару былі ўдастоены лепшыя з лепшых, а адбор кандыдатаў на перамогу праходзіў у адпаведнасці з “Інструкцыяй аб правядзенні рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў у 2011 годзе і падвядзенні яго вынікаў”, зацверджанай пастановай Мінсельгасхарчу Рэспублікі Беларусь вясной гэтага года.
У гэтай інструкцыі дакладна сфармулявана, якія патрабаванні прад’яўляюцца да кандыдата ў пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва. У прыватнасці, сказана, што ён павінен працаваць не менш аднаго года па прафесіі трактарыста-машыніста ці вадзіцеля грузавога транспарту. І, зразумела, усе звесткі, якія прадастаўляюцца на кандыдата, павінны быць адпавядаючымі сапраўднасці, а сам ён – чалавекам паважаным, якога ў працы можна ставіць у прыклад іншым. Патрабаванні – ясныя і зразумелыя. Але, як паказалі нядаўнія праверкі, праведзеныя Лідскім міжраённым Камітэтам дзяржаўнага кантролю, у некаторых раёнах іх праігнаравалі.
Так, па выніках праверкі была знятая з удзелу ў рэспубліканскім фестывалі “Дажынкі-2011” кандыдатура трактарыста-машыніста СВК “Гожа” Гродзенскага раёна, які працаваў на нарыхтоўцы травяністых кармоў. Зроблена гэта ў сувязі з прадастаўленнем не адпавядаючых сапраўднасці (завышаных) паказчыкаў колькасці нарыхтаваных травяністых кармоў. Але правяраючыя з Дзяржкантролю былі здзіўлены яшчэ больш, калі высветлілі, што гэтаму механізатару ў адпаведнасці з распараджэннем СВК “Гожа” ад 31 сакавіка 2011 года была аб’яўлена вымова за знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
Не адпавядаючыя сапраўднасці звесткі былі прадастаўлены на кандыдата ў пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва сельгаскааператывам “Варняны” Астравецкага раёна. У гэтым сельгаскааператыве сярод удзельнікаў жніва пераможцам быў прызнаны трактарыст-машыніст, які на камбайне КЗС-1218 намалаціў 1673 тоны збожжа. Вынік, вядома, дастойны, але… Як высветлілася падчас праверкі, асноўнай працай кандыдата ў пераможцы з’яўляецца работа на будоўлі, а ў трактарысты-машыністы ён пераведзены 1 ліпеня 2011 год на перыяд выканання сезонных работ, аб чым і зроблены адпаведны запіс у яго працоўнай кніжцы. Такім чынам, было праігнаравана патрабаванне вышэйзгаданай інструкцыі, што кандыдат у пераможцы павінен працаваць па прафесіі трактарыста-машыніста не менш чым год. І пагэтаму камбайнер з СВК “Варняны” таксама быў выключаны са спіска магчымых пераможцаў спаборніцтва.
І калі ў першым выпадку кандыдата знялі з удзелу ў спаборніцтве за завышэнне яго вынікаў працы і нецвярозы стан на рабочым месцы, то, што называецца, пакаранне па заслугах… Але ў другім, калі чалавек добрасумленна працаваў, а тыя, хто яго вылучаў, праігнаравалі той факт, што кандыдат не адпавядае патрабаванням па прафесіі, то не выключана, што чалавеку была нанесена маральная траўма ў сувязі з выключэннем са спіса прызёраў.
Пагэтаму спецыялістам, каму гэта даручана, патрэбна ўважліва адносіцца да такой важнай справы, як вылучэнне кандыдатаў на перамогу ў спаборніцтве – і не толькі ў рэспубліканскім, бо за кожным такім рашэннем стаяць жывыя людзі.
І. КЛІМОВІЧ, старшыня Лідскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю.