Какой была вступительная кампания-2012 для выпускников Островецкого района

…Яна настойліва ішла да сваёй мэты: увесь адзінаццаты клас старанна, не падымаючы галавы ад кніжак, рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання. А калі настаў час паказаць, чаго “каштуюць” яе веды, дзяўчына даказала – у першую чаргу самой сабе – што яна годная стаць студэнткай! Але наперадзе чакала самае складанае – уступная кампанія. Час, калі ад вас ужо нічога не залежыць. Вы нібы купілі латарэйны білет, ён вырашыць ваш лёс. Застаецца толькі чакаць, якія лічбы будуць выйгрышнымі!


Дар’і Шлыковіч дастаўся той самы выйгрышны білет. Яе бяссонныя ночы, стомленасць, нервы каштавалі таго, каб пад трывожны стук сэрца, пачуць: “Залічана ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на ўлікова-эканамічны факультэт на бюджэтную форму навучання!”
З уласнага вопыту ведаю: падобнае адбываецца амаль з кожным абітурыентам. Паступленне – складаны этап для ўсіх школьнікаў і іх бацькоў. Напэўна, вы таксама памятаеце сваё паступленне. Стэнд у дворыку ўніверсітэта з прозвішчамі першакурснікаў. Усё новыя і новыя людзі падыходзяць да стэнда з надзеяй і хваляваннем. Кожны год мяняюцца заданні тэстаў, адно застаецца нязменным – пачуцці, што перапаўняюць, калі бачыш сябе ў спісах залічаных.


Сёння мы паспрабуем разабрацца, якой была ўступная кампанія 2012 года для выпускнікоў з Астравецкага раёна. Для пачатку звернемся да лічбаў. Атэстаты аб сярэдняй адукацыі ў раёне сёлета атрымалі 228 выпускнікоў сярэдніх школ і гімназіі № 1 Астраўца.


Як заўсёды, “у модзе” сёлета былі ВНУ. Туды паступіла 129 чалавек (56,5 % выпускнікоў). З іх толькі два выпускнікі паехалі атрымліваць адукацыю за мяжу.
93-ом выпускнікам з нашага раёна пашанцавала – будуць вучыцца на бюджэце ў розных вышэйшых установах. Калі звярнуцца да статыстыкі па ўсёй краіне, то самыя высокія балы былі сёлета на эканамічных і медыцынскіх спецыяльнасцях.
Платнікаў з нашага раёна ў гэтым годзе было няшмат – толькі 23 чалавекі. Хутчэй за ўсё, на гэта паўплываў кошт за навучанне, які ўжо перавысіў дзесяцімільённы рубеж. А калі вы “праляцелі” з інтэрнатам, то да гэтай лічбы яшчэ трэба дадаць немалую аплату за кватэру, грошы на пражытак, ды і апрануцца ж трэба! Ці шмат у нас бацькоў, якія здольны выдзеліць на навучанне сына ці дачкі такую кругленькую суму?
Вынікі паступлення ў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы яшчэ не падведзенены – Міністэрства адукацыі падоўжыла тэрмін прыёму дакументаў. Але, па статыстыцы папярэдніх дадзеных, у прафесійна-тэхнічныя вучылішчы збіраліся паступаць 22 чалавекі (9,6%), а ў сярэдне-спецыяльныя ўстановы – 75 (32,8%). Два выпускнікі вырашылі адразу ўладкавацца на працу. Ну што ж, кожны выбірае свой лёс!
– Галоўнае, пры выбары прафесіі– не пераацаніць свае магчымасці, – гаворыць шчаслівая студэнтка-першакурсніца Дар’я Шлыковіч. – Безумоўна, рынак працы дыктуе запатрабаванасць у тых ці іншых прафесіях. Але трэба разлічваць свае магчымасці і жаданні. Жыццё ж у нас адно! Вельмі добра, што сёння ёсць рэпетыцыйнае тэсціраванне. Пасля яго вы бачыце, што вам неабходна яшчэ вывучыць, якой тэме ўдзяліць больш ўвагі, а якія заданні вы пстрыкаете, як арэшкі. Зыходзячы з вынікаў, ужо можна планаваць, у якую навучальную ўстанову падаваць дакументы.
Вось так прайшла ўступная кампанія для выпускнікоў Астравецкага раёна. Некаторыя новаўвядзенні чакаюць тых, хто збіраецца паступаць у наступным годзе: ніжэйшая планка ЦТ (для падачы дакументаў у ВНУ) стане больш за 10 балаў. Акрамя таго бацькі змогуць падаць дакументы за сваіх дзяцей па даверанасці.
Думаю, адзінаццацікласнікам гэтага года патрэбна будзе ўважліва прааналізаваць рынак працы. Кожны год з’яўляюцца новыя спецыяльнасці: эканамічная інфарматыка, сацыяльная камунікацыя, прыкладная крыптаграфія і іншыя. Гэтыя прафесіі ўжо праз пару гадоў будуць запатрабаванымі. А тыя школьнікі, якія мараць у будучым працаваць на АЭС, павінны звярнуць увагу на спецыяльнасці ў БНТУ і БДУ.
А ўсім студэнтам-першакурснікам мы жадаем поспехаў і, канешне, “без хвастоў” здаць першую, самую складаную сесію!


Юлія БУКЕЛЬ, студэнтка журфака БДУ.


Фота з сайта 222.by