Какими открытками поздравляли друзей и близких в прошлом веке
Ражаство Хрыстова! Няма свята больш прыгожага, светлага, радаснага і чаканага. Зямля ўся ўкутана снегам нібы святочным белым абрусам, месячык блішчыць, нібы толькі што вымыты ў лазні, ярка мільгацяць у небе зорачкі, лес, велічны і спакойны, стаіць у чаканні цуда, і здаецца, што зараз махнатая галава аленя са свечачкамі на развілках расхіне хвою. Святло разліта кругом. У прыродзе цішыня і спакой. Забыты жыццёвыя клопаты. Усё застыла ў чаканні цуда. Гэта – ноч перад Ражаством, Святая ноч, калі паявіўся на свет Збаўца – крыніца шчасця, жыцця і дабра.У гэты цудоўны вечар так хочацца гаварыць добрыя словы сваім блізкім, сябрам, знаёмым і незнаёмым людзям, складаць ім пажаданні!
Паддаўшыся гэтаму настрою, я прыпомніла, як (здаецца, зусім нядаўна!) чакалі перад святамі паштальёна, каб купіць добры стос прыгожых святочных паштовак, як цешыліся, калі атрымлівалі віншаванні з далёкіх і не зусім краін, гарадоў і вёсак – ад родных, сяброў, блізкіх. Як мы расстаўлялі іх пад ёлкай – і стваралася ўражанне, што ў калядны вечар сабраліся ўсе разам, вялікай, дружнай сям’ёй.
І сёння мы таксама віншуем адзін аднаго, але у асноўным пасылаем па тэлефоне СМС-кі, па інтэрнэту – віртуальныя паштоўкі. Яны таксама прыгожыя, з гатовымі тэкстамі. Але, калі перачытваеш тыя, напісаныя доўгімі зімовымі вечарамі пры лямпе, пад завыванне мяцеліцы, то і сёння, праз гады, адчуваеш цеплыню сэрцаў тых людзей, што іх адпраўлялі, ад іх вее дамашняй утульнасцю, шчырасцю і дабром.
Гэта ўсё і навяло мяне на думку зрабіць выставу калядных і навагодніх паштовак і абразкоў. Не захаваўшы сваіх, звярнулася за дапамогай да знаёмых. Мяне адразу ж падтрымалі: добры стос паштовак і абразкаў прынеслі Марына Буйніцкая і Валянціна Крэміс. З вялікай цікавасцю стала іх пераглядваць – і гэта было як падарожжа ў дзяцінства, нібы я акунулася ў добрае, спаткала старых знаёмых – і на душы стала спакойна і ўтульна. Перабіраючы гэтыя паштоўкі, разглядала да болю знаёмыя сюжэты, успамінала мінулае. Усё-такі сучасныя рэчы так не запамінаюцца, а вось гэтыя невялікія “квадрацікі” немагчыма забыць! Яны, здаецца, пахнуць хвояй, мандарынамі і Новым годам!
Паглядзела – і зразумела, што з нашага сённяшняга жыцця прапалі нейкія цёплыя, добрыя і блізкія для душы рэчы, падзеі. Правільна сказаў адзін паэт: “Что пройдет, то будет мило”.Але калі мяне запрасіла да сябе Марына Казлоўская і паказала неверагоднай прыгажосці паштоўкі, то майму захапленню, здзіўленню і радасці не было канца! Тым часам Марына зачытвала: “Гэта датуецца 1921 годам, гэта 1923-м, гэту прыслалі з Італіі, гэту – з Польшчы…” Я, як зачараваная, не магла адвесці вачэй. Па-першае, яны былі як новенькія: ніякіх жоўтых плямаў, ніякага згнечання. Нават не верылася, што гэтым паштоўкам ужо сто гадоў! Якасць паперы, відаць, была высокай, а яшчэ шмат значаць адносіны – гаспадары ўжо трэцяе пакаленне беражліва захоўваюць іх як сямейную рэліквію. Сям’я Казлоўскіх-Міхновіч – людзі, якія паважаюць сямейныя традыцыі, даўно збіраюць звесткі пра свой род, гісторыю вёскі. У сваіх публікацыях я не адзін раз абапіралася на факты, расказаныя членамі іх сям’і.
Віншавальная паштоўка – маленькі, але вельмі важны элемент кожнага свята. Яны ствараюць непаўторую атмасферу ўрачыстасці і нават праз гады аднаўляюць у нашай памяці даўно забытыя падзеі.Пакуль яшчэ ёсць час, пакуль яшчэ плануем, што падарыць сваім блізкім, давайце адправім святочныя паштоўкі з найлепшымі пажаданнямі сваім родным, блізкім, сябрам, суседзям – давайце нікога не забудзем у перадсвяточным тлуме.
Ляці з прыветам, святочная паштоўка!
----------------------------
Іаланта ВАЛУЕВІЧ.
