Каким был островецкий смолзавод, вспоминают Иосиф Гавановский и Бронислав Видуто
Прапануем чытачам пазнаёміцца з Астраўцом сярэдзіны мінулага стагоддзя, «зазірнуўшы» на смалакурню, якая знаходзілася на цэнтральнай вуліцы – Ленінскай. Правядуць завочную экскурсію астраўчане Браніслаў Іосіфавіч Відута і Іосіф Станіслававіч Гаваноўскі.
Па словах астраўчаніна Іосіфа Гаваноўскага і жыхара аг. Малі Браніслава Відуты смалакурня, ці як яе назвалі – смолзавод, знаходзілася прыкладна на тэрыторыі сённяшняй пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1.
– Я вазіў дырэктара смалакурні Палуніна, – расказвае Іосіф Станіслававіч. – У Астраўцы стаяла невялікая канторка хімлясгаса. Калі не памыляюся, Люба Ковель там працавала бухгалтарам і касірам. Акрамя канторскіх былі ў штаце падрыўнікі, смалакуры, падсочнікі, шафёры, вартаўнікі. Галаўная кантора знаходзілася ў Вілейцы. На тэрыторыі смолзавода меўся і невялікі прадуктовы магазінчык, а побач стаялі дамы для працаўнікоў, у адным з іх жыў і Палунін.
Нарыхтоўвалі сыравіну падрыўнікі з дапамогай аманіту: узрыўчатку закладвалі пад сасновы пень, працягвалі кнот і падпальвалі – карчы, кажуць мужчыны, выскоквалі з зямлі, бы коркі. Для захоўвання ўзрыўчаткі меўся асобны склад, які ахоўвалі сабакі.
Па ўспамінах Браніслава Відуты, асноўную частку завода займала пляцоўка для карчоў, куды іх звозілі і распілоўвалі.
– Загружалі карчы ў бочку зверху – насілі іх па лесвіцы. Пад катлом гарэла вогнішча. Дні 3-4 адну партыю «варылі», – прыгадвае Гаваноўскі. – На смалакурні рабілі шкіпінар, дзёгаць, паташ, смалу. Вугаль, які заставаўся пасля курэння, забіралі кавалі на кузню.
Здабывалі смалу і з дапамогай падсочкі – такая называлася жывіцай.
– На падсочанае дрэва прычаплялі конусную ёмістасць – каля месяца трэба было чакаць, каб нацякла поўная. Сасна сасне – розніца: з якой і 2 стаканчыкі збярэш, а з іншай, хоць і дрэва добрае, – ледзь палова конуса атрымаецца. А да ценькіх ствалоў нават не браліся – якая там смала! – дзеліцца былы падсочнік. – Смалу са стаканчыкаў сабіралі ў 200-літровыя бочкі, якія адвозілі на базу ў Вілейку, а адтуль ужо адпраўлялі на заводы. Ведаю дакладна, што ў Барысаў здавалі жывіцу. З яе рабілі шкіпінар і медыцынскі, і для фарбы, каніфоль…
