Каханне за 60: ці бывае такое? Разважае Ніна Рыбік
Фото Pexels
Абноўленая лесапаркавая зона ў Астраўцы цяпер любімае месца для шпацыру ў любую пару кожны дзень года з рання і да змяркання, а дзякуючы ліхтарам, што асвятляюць дарожкі, – і пасля яго. Прычым для ўсіх. Глядзіш, прымасцілася на лаўцы чародка падлеткаў з чыпсамі і кока-колай: ведаюць, што шкодна, а хочацца, таму і схаваліся ў лесе. Прагульваюцца з дзіцячымі каляскамі матулі і, што асабліва прыемна, – таты, а калі выходзяць на праменад цэлыя сем’і. Няспешна шпацыруюць пенсіянеркі ў гордай адзіноце ці ў кампаніі з каляжанкамі.І асаблівая прыемнасць для вока – сямейныя пары. Як правіла, немаладыя: гэта ў пенсіянераў хапае часу для прагулак, працоўны люд можа дазволіць сабе падобны рэлакс хіба што вечарам пасля работы ці ў выхадны.
Некаторых ведаю асабіста: вітаемся, перакідваемся слоўцам-другім.
…З гэтай жанчынай працавалі ў свой час у сумежных арганізацыях, заўсёды захаплялася яе прафесіяналізмам і адносінамі да справы. А муж яе быў калегам майго, потым, праўда, разышліся іх сцежкі-дарожкі. Цяпер абое на заслужаным адпачынку. Вырасцілі дзяцей, дапамаглі падгадаваць унукаў, нядаўна адзначылі залатое вяселле. Цяпер цешацца адпачынкам, які насамрэч заслужылі, бавяць час у сваё задавальненне.
…Гэтай сямейнай парай любуюся пры сустрэчы: заўсёды разам, поруч, дружна. Малажавыя, прыгожыя – і не скажаш, што ўжо праўнукаў маюць.
Не, яны не ідуць рука ў руцэ, не абдымаюцца на лавачках, не цалуюцца пад сасной, збочыўшы з дарожкі. Але і без слоў і пацалункаў нават старонняму воку бачна: кахаюць. Па тым, як глядзяць адзін на аднаго, усміхаюцца, падтрымліваюць за локаць, калі нехта паслізнецца…
Уяўляю, як нехта з маладых, прачытаўшы гэтыя радкі, хмыкне: вось яшчэ, якое каханне ў тых, каму за 60! Пра вечнае час думаць, а не пра каханне!
А «залатаўзроставыя» астраўчане, пазнаўшы па гэтых сціплых апісаннях маіх знаёмых, скептычна ўсміхнуцца: у іх жыцці таксама рознае здаралася...
Пэўна ж, здаралася! Нездарма ж кажуць, што жыццё пражыць – не поле перайсці. Хоць і на полі хапае ўсяго: і роўных сцежак, і глыбокіх канаў, і валошак, і дзядоўніку… Але калі ісці па ім рука ў руцэ, то і праз канаву прасцей перабрацца, і балючых абдымкаў дзядоўніку пазбавіцца. Што ўжо казаць пра жыццё!
Шчаслівыя, хто сустракае залаты ўзрост у пары з чалавекам, які за доўгія гады стаў больш чым каханым – родным. Самым родным, нават больш, чым дзеці і ўнукі.
Так, доўгімі зімовымі вечарамі яны, напэўна, не гавораць пра каханне, часцей – пра дзяцей, унукаў, пра болькі, свае і ягоныя. Ці ўвогуле маўчаць, бо ўсё даўным-даўно перагаворана…
Але ці не гэтае маўклівае разуменне і адчуванне іншага, як самога сябе, і ёсць каханне?
