Как хозяйства Островетчины подготовились к весеннему севу, рассказал Иван Корнило
На вуліцы пануе сапраўдная зіма з моцнымі маразамі і пераменнымі снегападамі. Здаецца, што вясна яшчэ далёка. Тым не менш у аграрыяў іншае вымярэнне часу і клопаты. Нягледзячы на надвор’е яны актыўна рыхтуюцца да яравой сяўбы: назапашваюць насенне і мінеральныя ўгнаенні, рамантуюць трактары і навясныя агрэгаты. Менавіта ад гэтага залежыць поспех будучай кампаніі.
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла пракаменціраваў гатоўнасць сельгаспрадпрыемстваў да вясенне-палявых работ і сяўбы.
– Падрыхтоўка да пасяўной вядзецца ва ўсіх гаспадарках раёна згодна з распрацаванымі графікамі. Пастаўлена задача да 1 сакавіка падрыхтаваць 95% тэхнікі, якая будзе задзейнічана ў полі.
Гаспадаркі набываюць неабходныя запчасткі. Нягледзячы на марознае надвор’е, механізатары і вадзіцелі працягваюць рамантаваць свае трактары і аўтамабілі. Ва ўсіх рамонтна-механічных майстэрнях арганізавана ацяпленне. Гэтыя работы знаходзяцца на пастаянным кантролі нашага ўпраўлення і райвыканкама.
Узнікаюць праблемы з рамонтам імпартных пасяўных агрэгатаў, у першую чаргу з-за таго, што тэрмін пастаўкі неабходных дэталяў дасягае 90 дзён. Гэты момант, безумоўна, выклікае занепакоенасць. Радуе, што для айчынных машын ёсць усе неабходныя запчасткі і каштуюць яны ў разы танней за замежныя аналагі.
Ва ўсіх гаспадарках ёсць неабходная колькасць кандыцыйнага насеннага матэрыялу збожжавых. Акрамя гэтага, лішкі плануем рэалізоўваць іншым сельгаспрадпрыемствам. Насенне траў на дадзены момант дапрацоўваецца. Звыш патрэбы яно ёсць у КСУП “Гервяты” і “Гудагай”.
У раёне працягваецца назапашванне мінеральных угнаенняў. Тэмпы паступлення карбамідна-аміячнай сумесі замарудзіў мароз, таму крыху адстаём ад графіка па вадкіх угнаеннях, па сыпкіх пытанняў не ўзнікае.
Зазначу, што ў цэлым структура яравога кліна значна не зменіцца: збожжавыя застануцца на ўзроўні мінулага года. Магчыма, крыху менш адвядзём пад кукурузу, таму што летась нарыхтавалі шмат травяністых кармоў.
