Как Анатолий Радевич из армии вернулся Аполлоном. Воспоминания ко Дню защитников Отечества
З арміі Анатоль Радзевіч прыйшоў Апалонам
– Службу праходзіў у разведузводзе, быў разведчыкам-тэлеграфістам. У войска пайшоў не ў 18 гадоў, як прынята. Павесткі прыходзілі, аднак мне кожны раз давалі адтэрміноўку па стане здароўя. У чарговы раз я прыйшоў у ваенкамат і сказаў: ці камісуйце, ці забірайце.
Службу чакаў – бацька шмат расказваў пра армію, трое малодшых братоў падрасталі – хацелася стаць ім прыкладам. Ды і вырас я з паняццем, што сапраўдны мужык павінен адслужыць. А сябры! Дзеляцца армейскімі ўспамінамі, смяюцца, а ты сядзіш і маўчыш.
…Памятаю, прыехалі «пакупнікі» ў астравецкі ваенкамат. Намеснік камандзіра з нашай часці, даведаўшыся, што ў мяне прафесія звязана з мастацтвам, сказаў: «Не перажывай! Узначаліш наш клуб – і служба пройдзе хутка». Пазней аказалася, што ў клуб я хадзіў толькі кіно паглядзець. (Смяецца.)

Павезлі нас спярша ў Гродна, адтуль глыбокай ноччу на цягніку адправілі ў Слонім. Цёмна. Вільготна. А спаць хочацца! Абяцалі: на месце паспіце. Канешне! Пакармілі – першы раз пакаштаваў салдацкую кашу і вараную рыбу. (Смяецца.) А потым: форму атрымаць, у лазню схадзіць…
І панеслася: фізпадрыхтоўка і страявая. Першы выезд на палігон – ужо праз два тыдні. Там нас «абстралялі», «абкаталі». Уявіце: сядзіш у акопе, над галавой праязджае баявая машына пяхоты, а ты павінен падняцца і выстраліць. Думаў, будзе вельмі страшна: усё ж над табой 15 тон праходзіць. Але не, нават калі крыху каску цапанула, было толькі лёгкае хваляванне.
Мая служба – гэта палігоны і зборы разведчыкаў. Удзельнічаў і ў сумесных з Расіяй вучэннях на палігоне ў Брэсце. Два месяцы ў «беларускай Сахары» запомніліся на ўсё жыццё: днём было невыносна горача, ноччу – холад. Але ўвогуле ўсё мне было цікава.

Курс маладога байца ў Слоніме праходзіў. Сну хапала: як «саве», мне дастаткова было «кімарнуць» гадзінку-дзве, каб быць у норме. Заняткі ў спортгарадку – гэта адно, зусім іншае – на палігоне: і моклі, і мерзлі, і пад лёд правальваліся. Але гэта таксама адрэналін, свайго роду праверка сябе на мужнасць, трываласць, мужчынскасць. Разумееш гэта – і адкрываецца другое дыханне. Да таго ж з намі заўсёды быў камандзір: у любое надвор’е ён знаходзіўся побач, у прамым сэнсе і ў балоце, і ў вадзе.
Я быў асабістым сувязістам камандзіра батальёна. Мой «інструмент» перадачы інфармацыі – радыёстанцыя вагой 15 кг і навушнікі. Разабрацца з апаратурай нескладана – галоўнае на занятках уважліва слухаць.
Як разведчыкі мы палёўку праводзілі – вучыліся дабываць дадзеныя «праціўніка» ў палявых умовах. Практыка была «па ўсіх франтах». У ачапленні падчас танкавага біятлону сядзелі. Адказна: як грыбніку растлумачыць, што яму ўперад нельга, бо там страляюць? Ён жа махне галавой і, схаваўшыся з вачэй, цябе абыдзе. Не расслабішся. Асабліва калі чуеш па рацыі: «Трэці пост, увага, на вас ідуць дзікія кабаны».
Наш камандзір лічыў, што кожны павінен умець карыстацца ўсімі відамі зброі, таму стралялі, і сувязісты ў тым ліку, шмат. Баявыя гранаты кідаў, з гранатамёта страляў, з аўтамата… Падабалася тое, што было грамчэйшым. (Смяецца.)
Радавому давалі 10 сутак адпачынку, мне ж за неблагія паказчыкі ў ваеннай вучобе і дысцыпліне дабавілі пяць.
…Армія пайшла на карысць: пахудзеў, пастрайнеў, нават з’явіліся рысы апалона. (Смяецца.) Дома першым часам прывыкаў: падымаешся ў сем гадзін – ай, праспаў! А потым: фу, я ж не ў арміі!
